Напрыканцы красавіка свае 19-годдзе сустрэне ў калоніі палітзняволены Павел Піскун з Нароўлі
Цімур Казачэнка
23.04.2023
>
29 красавіка сустрэне свае 19-годдзе
палітычны зняволены Павел Піскун, былы навучэнец апошняга курса прафесійнага
ліцэя ў Нароўлі. Ён асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі. Прычынай сталі здымкі
з расійскай вайсковай тэхнікай, дасланыя ў «Тэлеграм»-канал, які беларускія
ўлады лічаць экстрэмісцкім.
Пасля
ўварвання расійскіх войск ва Украіну ў мінулым годзе ў інтэрнеце з’явіліся фота
і відэа расійскай вайсковай тэхнікі, якая накіроўвалася ва Украіну з Беларусі
са згоды беларускіх уладаў. Здымкі рабілі жыхары Беларусі, якія такім чынам
выказвалі салідарнасць з украінцамі. Беларускія ўлады аб’явілі інтэрнет-рэсурсы,
у якіх размяшчаліся здымкі, «экстрэмісцкімі», а людзей, якія дасылалі фота і
відэа, сталі вышукваць і пераследваць паводле артыкула 361-4 Крымінальнага
кодэкса – «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Такім
чынам быў затрыманы і 17-гадовы на той час Павел Піскун, родам з Мазыра. 18 ліпеня
мінулага году ён быў асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага
рэжыму. 23 верасня 2022 г. хлопец быў прызнаны праваабаронцамі палітычным
зняволеным.
7
кастрычніка 2022 г. адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі на пастанову суда, у
выніку чаго прыгавор быў пакінуты без змяненняў. З часу затрымання і да
абскарджвання прыгавору Павел утрымліваўся ў СІЗА № 3 ў Гомелі, цяперашняе яго
месцазнаходжанне праваабаронцы ўдакладняюць.
На
сённяшні дзень у Беларусі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» за кратамі
знаходзяцца 58 палітзняволеных, 10 з іх – у Гомельскай вобласці (8 у СІЗА № 3,
а таксама 2 палітзняволеныя-жанчыны ў жаночай калоніі № 4). Агульная колькасць
палітвязняў у краіне на цяперашні час – 1497.
На здымку: Павел Піскун.