18-гадовы Павел Піскун з Нароўлі прызнаны палітзняволеным
Цімур Казачэнка
26.09.2022
>
У сумеснай заяве, прынятай беларускімі
праваабаронцамі 23 верасня, палітычнымі зняволенымі прызнаны яшчэ 4 грамадзян. Сярод
іх – 18-гадовы Павел Піскун, які
навучаўся на 3 курсе Нараўлянскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Ён
прыгавораны да 3 год пазбаўлення волі за відэа з расійскай вайсковай тэхнікай,
дасланае ў «Тэлеграм»-канал, які беларускія ўлады лічаць экстрэмісцкім.
На чацвёрты дзень уварвання расійскіх войск ва
Украіну, 27 лютага, грамадзянін даслаў у «Тэлеграм»-канал відэа з расійскай
вайсковай тэхнікай і тэкст пра яе колькасць, накірунак руху і адметных
асаблівасцях. 1 і 2 сакавіка ён зноў зрабіў гэта. Вядома, што расійскія войскі
прасоўваліся ва Украіну ў тым ліку з Гомельскай вобласці са згоды беларускай
улады. У той час хлопец яшчэ быў непаўнагадовы.
Родам Павел
Піскун з Мазыра. Там ён і быў затрыманы 8 сакавіка, калі прыехаў да сям’і
на святочны дзень. Пасля змяшчэння ў ізалятар часовага ўтрымання яго адправілі ў
СІЗА-3 ў Гомелі. Ён быў абвінавачаны паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4
Крымінальнага кодэкса – «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
18 ліпеня Гомельскі абласны суд прыгаварыў яго
да пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму; справу разглядаў суддзя Піскуноў Аляксандр.
У заяве праваабаронцаў ад 23 верасня
адзначана: «Ацэньваючы гэтую інфармацыю ў кантэксце грамадска-палітычных падзей
пасля 24 лютага 2022 г., асноўнай падзеяй якіх стала ваеннае ўварванне Расійскай
Федэрацыі ва Украіну і акты антываеннага пратэсту і салідарнасці з народам
Украіны, мы прыходзім да высновы аб тым, што ў дадзеных выпадках грамадзяне
пераследуюцца з-за іх палітычных перакананняў».
Раней Павел
да судовай адказнасці не прыцягваўся; навучаўся з сярэднім балам, вышэйшым за
8. У яго ёсць старэйшая сястра, якая таксама навучаецца – у Мінску. Хлопец
сябруе з дзяўчынай, яна пасля абвінавачання працягвала падтрымліваць сувязь з
яго сям’ёй і прысутнічала на судзе. У цяперашні час яму можна дасылаць паштоўкі
і лісты на адрас: СІЗА-3, вул. Кніжная,
1А, г. Гомель, 246003.
У СІЗА-3 зараз знаходзіцца 101 палітзняволены.
Агульная колькасць палітзняволеных у Беларусі на сённяшні дзень – 1344.
На
здымку: Павел Піскун.