У сутычках з тэрарыстамі групоўкі ХАМАС загінула рэчычанка
Жорж Кунцэвіч
12.10.2023
>
Услед за навіной пра цяжкае раненне ў Ізраілі ўраджэнца
Мазыра, камандзіра вайсковай базы “Цээлім" брыгаднага генерала Рамана
Гофмана, у СМІ паведамляецца пра гібель у сутычках з баевікамі ХАМАС ураджэнкі
Рэчыцы Алены Астапенкі.
Раніцай 7 кастрычніка падчас нападу баевікоў ХАМАС на
паўднёвыя паселішчы Ізраіля загінула 25-гадовая Алена Астапенка, якая
нарадзілася ў Беларусі, піша Telegram-канал “Асцярожна, навіны”, спасылаючыся
на маці дзяўчыны.
Алена Астапенка служыла ў ізраільскай паліцыі і раніцай 7
кастрычніка патрулявала ўчастак у горадзе Афакім. Разам са сваімі калегамі і
байцамі ЦАХАЛ Алена ўступіла ў бой з тэрарыстамі групоўкі ХАМАС і загінула. Па
словах маці дзяўчыны, яе пахавалі 10 кастрычніка ноччу.
Таксама паведамляецца, што Алена Астапенка пераехала ў Ізраіль разам з маці і старэйшай сястрой з
Рэчыцы Гомельскай вобласці ў 2000 годзе. Алене было тады два гады. У Ізраілі
Астапенка скончыла школу і адслужыла тэрміновую службу ў войску. Працавала ў
паліцыі ў горадзе Нетывот на поўдні краіны, недалёка ад сектара Газа.