Пад час бою ў Ізраілі паранены брыгадны генерал з Мазыра

Жорж Кунцэвіч 10.10.2023

>>>

Хаім Вэйцман, Голда Мэір, Шымон Перэс… Усе гэтыя славутыя яўрэйскія кіраўнікі маюць адно агульнае: іх жыццё было звязанае з Беларуссю. Напад баевікоў на ХАМАС выявіў яшчэ аднаго ўраджэнца Беларусі, які нарадзіўся ў Мазыры. Гэта брыгадны генерал Раман Гофман.

Камандзір вайсковай базы “Цээлім" брыгадны генерал арміі абароны Ізраіля Раман Гофман атрымаў цяжкае раненне падчас сутыкнення з баевікамі ХАМАС 8 кастрычніка. Пра гэта паведаміла “Зеркало” са спасылкай на ізраільскі тэлеканал 9tv.

Раненне афіцэр атрымаў падчас бою ў Сдэроце. Стан здароўя рамана Гофмана пасля некалькіх аперацый ацэньваецца як цяжкі, але стабільны.

Гофман нарадзіўся ў беларускім Мазыры. У Ізраіль ён пераехаў з бацькамі ў 1990 годзе. Адслужыўшы тэрміновую службу ў бранятанкавых войсках і скончыўшы афіцэрскія курсы, Раман Гофман вырашыў працягваць вайсковую кар'еру. Удзельнічаў у некалькіх антытэрарыстычных аперацыях. Ён стаў першым прадстаўніком масавай рэпатрыяцыі яўрэяў з былога СССР, якія дасягнулі звання брыгаднага генерала і атрымалі дывізію пад сваё камандаванне. Гофман стаў камандзірам дывізіі "Ха-Башан" у Паўночнай акрузе, якая забяспечвае бяспеку Галанскіх вышынь і прылеглых да іх тэрыторый.

27 кастрычніка 2022 года Гофман уступіў на пасаду камандзіра Нацыянальнага цэнтра вучэнняў сухапутных войскаў.

Нагадаем, 7 кастрычніка баевікі ХАМАС пачалі аперацыю «Бура Аль-Аксы» — выпусцілі па Ізраілю некалькі тысяч ракет і прарваліся на тэрыторыю краіны. ХАМАС абвінавачвае ізраільскі бок у акупацыі і "апаганенні святога месца мусульман", а таксама ў неаднаразовых уварваннях у мячэць Аль-Акса на Храмавай гары ў Ерусаліме.