Вярхоўны прадстаўнік ЕС зрабіў заяву ў Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю
Цімур Казачэнка
14.11.2023
>
У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю, які
адзначаецца 12 лістапада, Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і
палітыцы бяспекі Жазэп Барэль зрабіў заяву адносна сітуацыі ў Беларусі.
Ен адзначыў, што пасля фальсіфікаваных
прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае
кардынальна пагаршацца, правячы рэжым ажыццявіў больш за 40000 палітычна матываваных затрыманняў,
узбудзіў не менш за 12000 палітычна матываваных крымінальных спраў і ўтрымлівае
амаль 1500 палітычных зняволеных. Ад імя ЕС Вярхоўны прадстаўнік паўтарыў патрабаванне неадкладнага і
безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.
Еўрапейскі Саюз, падкрэсліў Жазэп Барэль, падтрымлівае намаганні
беларускага дэмакратычнага руху і высока ацэньвае стойкасць беларускага народа,
які працягвае адстойваць дэмакратыю і свае фундаментальныя правы і свабоды,
нягледзячы на жорсткі ўціск. ЕС будзе падтрымліваць беларускі народ столькі,
колькі трэба на яго шляху да дэмакратычнай і квітнеючай краіны, якая з'яўлялася
б часткай мірнай Еўропы – заявіў Вярхоўны прадстаўнік ЕС.
Барэль таксама нагадаў, што
ЕС падтрымлівае палітычна і фінансава Міжнародную платформу для збору, праверкі
і захавання дакументацыі і доказаў сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека,
учыненых у Беларусі падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Поўны тэкст заявы распаўсюджаны Дыпламатычнай службай ЕС.
Ж. Барэль – іспанскі палітык, член Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі,
у 2004 – 2007 гадах быў старшынём Еўрапейскага парламента. На цяперашняй
пасадзе працуе з 2019 г.
Днём раней, 11 лістапада, больш шырокая заява з нагоды Дня салідарнасці з Беларуссю была прынята
Еўрапейскім Саюзам, да яе далучыліся і 8 еўрапейскіх краін, якія не з’яўляюцца
членамі ЕС – Албанія, Ісландыя,
Ліхтэнштэйн, Малдова, Нарвегія, Паўночная Македонія, Україна і Чарнагорыя.
Сітуацыя ў Беларусі знаходзіцца пад пастаяннай увагай ЕС. Нагадаем, што 24
кастрычніка ў Камітэце ЕС па правах жанчын было заслухана выступленне аб фактах жорсткага стаўлення
правячага рэжыму да палітзняволеных-жанчын у Беларусі.
На
здымку: Жазэп Барэль. Фота прэс-службы ЕС