Аб жанчынах-палітзняволеных, якіх трымаюць пад Рэчыцай, распавялі ў Камітэце Еўрапарламента ў правах жанчын
Цімур Казачэнка
26.10.2023
>>>
У
Брусэлі 24 кастрычніка адбылося пасяджэнне Камітэта Еўрапейскага парламента ў
правах жанчын і Дэлегацыі ў сувязях Еўрапарламента з Беларуссю, на якім выступіла
галоўны рэдактар сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна. Яна распавяла аб жахлівых
умовах, у якіх знаходзяцца палітзняволеныя-жанчыны ў Беларусі. Большасць з іх
утрымліваюцца ў месцах зняволення ў Гомельскай вобласці – у Гомелі і Рэчыцкім
раёне.
У сваім выступленні Наталля Радзіна
прадставіла агульную сітуацыю, якая існуе з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі
пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, і назвала шматлікія прыклады жудасных дзеянняў уладаў у
адносінах да палітзняволеных-жанчын.
Зараз вядома пра 160 жанчын, якія зняволены ў
Беларусі з палітычных прычынаў. Праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі. 113 з іх знаходзяцца ў
Гомельскай вобласці: 106 – у гомельскай жаночай калоніі № 4, 3 – у жаночай
калоніі № 24 у г. п. Зарэчча Рэчыцкага раёна, 4 – у СІЗА № 3 ў Гомелі.
Агульная лічба палітзняволеных у Беларусі станам
на 26 кастрычніка – 1479, у тым ліку ў месцах зняволення ў Гомельскай вобласці
– 168 (145 у Гомелі, 25 у Мазырскім і 3 у Рэчыцкім раёнах).
Беларуская дзяржава не мае дачынення да Еўрапарламента.
Але ён, з’яўляючыся заканадаўчым органам Еўрасаюза, прымае рашэнні, у рэчышчы
якіх будуюцца адносіны краін ЕС з уладамі Беларусі.
На фота: Наталля Радзіна