Палітзняволеных-жанчын у Гомельскай вобласці ўдвая больш, чым мужчын

Цімур Казачэнка 12.10.2023

>

Колькасць жанчын сярод палітзняволеных у Гомельскай вобласці зараз больш чым у два разы перавышае колькасць палітзняволеных-мужчын і складае 67,9% ад агульнага ліку.

На цяперашні час у месцах зняволення ў Гомельскай вобласці ўтрымліваецца 114 жанчын, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. Яны знаходзяцца за кратамі за ўдзел у пратэстных акцыях альбо іншыя пратэстныя дзеянні. 107 з іх – у гомельскай жаночай папраўчай калоніі № 4, 3 – у гомельскім СІЗА № 3, 3 – у жаночай калоніі № 24 ў г. п. Зарэчча Рэчыцкага раёна, адна – у ізалятары часовага ўтрымання ў Рэчыцы.

Раней мужчыны значна пераважалі сярод палітзняволеных у Гомельскай вобласці з-за іх вялікай колькасці ў СІЗА-3. Яны былі затрыманы пасля пратэстных акцый, звязаных з недаверам да абвешчаных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. За апошнія месяцы гэта сумная статыстыка змянілася. Пасля вынясення прыгавораў судамі палітзняволеныя-мужчыны былі этапаваны ў месцы пазбаўлення волі ў асноўным у іншыя вобласці. Палітзняволеныя-жанчыны пераводзіліся з іншых абласцей у Гомельскую, паколькі тут існуюць дзве жаночыя калоніі.

Зараз у месцах пазбаўлення волі ў Гомельскай вобласці налічваецца 54 палітзняволеных-мужчын: 16 – у СІЗА-3, 1 – у ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі, 5 – у калоніі № 20 у Мазырскім раёне, 20 – у папраўчай установе адкрытага тыпу № 21 у Мазыры, 12 – у аналагічнай установе ў Гомелі.

Хоць частка палітзняволеных ужо выйшла на свабоду пасля заканчэння тэрміна пакарання, іх агульная колькасць на Гомельшчыне за апошні год змянілася нязначна: у ліпені мінулага года – 171, зараз – 168.

У цэлым у краіне на сённяшні дзень налічваецца 1480 палітзняволеных, з іх 161 жанчына (10,9%).