Жыхара Мазыра абвінавацілі ў «пагрозе гвалту прэзідэнту»
Кірыл Казачэнка
20.12.2022
У
СІЗА № 3 у Гомелі ўтрымліваецца жыхар Мазыра Вадзім Баранаў. Паводле наяўнай
інфармацыі, улада абвінавачвае яго ў тым, што ён «пагражаў гвалтам прэзідэнту».
Малады чалавек знаходзіўся ў Польшы, і прыехаў
дадому да маці. У доме раніцой 8 ліпеня яго затрымалі людзі з ГУБАЗіКА. Прычынай стала тое, што ён нібыта ў 2020 г.
хадзіў на мітынгі, а ў 2022 фатаграфаваў ваенную тэхніку і здымкі дасылаў у
«Тэлеграм»-каналы.
Крыніца інфармацыі сцвярджае, што пры
затрыманні грамадзяніна збілі і пашкодзілі яго дакументы – пашпарт, працоўную
кніжку і вадзіцельскае пасведчанне (што перашкодзіла вяртанню за мяжу).
Пракуратура і Следчы камітэт на яго скаргу адказалі, што, маўляў, дакументы ён
сам недзе страціў, і безпадстаўна скардзіцца.
Пасля аднаўлення дакументаў, у дзень, калі
атрымаў новую польскую візу, грамадзянін пайшоў у РАУС, каб спытаць пра свой
выняты міліцыяй айфон. Там яго зноў затрымалі і склалі 6 пратаколаў аб
адміністрацыйных правапарушэннях. Паводле першага прытаколу ён быў арыштаваны
судом Мазырскага раёна на 6 сутак, паводле другога – аштрафаваны на 20 базавых
велічыняў і г. д. – суддзя Ярмоленка
Элеанора забірала пратаколы да таго часу, калі супраць грамадзяніна завялі
крымінальную справу.
Справу ўзбудзілі паводле артыкула 366
Крымінальнага кодэкса – «Гвалт альбо пагроза гвалту ў адносінах службовай
асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае
грамадскі доўг», спачатку – паводле часткі 1 гэтага артыкула (гвалт альбо
пагроза гвалтам у адносінах службовай асобы), затым – паводле ч. 2 (тыя ж
дзеянні ў адносінах прэзідэнта). 1 кастрычніка грамадзяніна этапавалі ў СІЗА ў
Гомель. Паводле прад’яўленага абвінавачання чалавека могуць засудзіць да 8
гадоў пазбаўлення волі.
Раней хлопец працаваў на Мазырскім НПЗ.
На
здымку: Вадзім Баранаў.