У Мазыры пачаў адбываць пакаранне Барыс Несцяровіч

Цімур Казачэнка 01.08.2022

>

28 ліпеня ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 21 у г. Мазыры пачаў адбываць пакаранне Барыс Несцяровіч, якога праваабаронцы прызналі палітычным зняволеным.

35-гадовы Барыс Віктаравіч Несцяровіч з г. Вілейка Мінскай вобласці быў затрыманы 11 лістапада 2021 года ў Вілейцы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання ў Мінску. Яму прад’явілі абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”. Размова ідзе пра мітынг “Маршы новай Беларусі” 23 жніўня 2020 г.

Грамадзянін быў пераведзены ў СІЗА-1 у Мінску і ўтрымліваўся там амаль 5 месяцаў у якасці абвінавачанага, у дачыненні да якога выкарыстана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. 25 лістапада 2021 г. праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным, паколькі “Маршы новай Беларусі” праходзілі як мірныя сходы і нікому не пагражалі.

7 красавіка 2022 г. суд Ленінскага раёна г. Мінска прыгаварыў вілейчука да 2 год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ). Справу разглядала суддзя Ачалава Анастасія Васільеўна. Пасля абвяшчэння прыгавору асуджаны быў вызвалены ў залі суда да накіравання ў папраўчую ўстанову.

Для адбыцця пакарання жыхару Вілейкі было прадпісана з’явіцца ў Мазыр. Акрамя яго, у гэтай установе адбываюць пакаранні яшчэ 18 палітзняволеных. Дасылаць паштоўкі і лісты ім можна на адрас: ПУАТ № 21, бульвар Юнацтва, 24, г. Мазыр, 247783.

 

На фота: Барыс Несцяровіч.