Рэчыцкія актывісты дамагліся ўсталявання інфармацыйай дошкі ў гонар савецкага актора-земляка на вуліцы ягонага імя

Андрусь ГАЁВЫ 29.08.2019

На вуліцы імя Яфіма Капеляна ўсталяваная інфармацыйная дошка. Яе ўсталявання некалькі месяцаў дамагаліся мясцовыя актывісты, якія ганарацца зямляцтвам з вядомым артыстам савецкага тэатра і кіно.

Амаль усё лета паміж актывістамі грамадскага аб’яднання «Гавары праўду» і райвыканкамам ішло ліставанне, падчас якога апошні даводзіў да ведама свае крокі па ажыццяўленню дамоўленасцяў, дасягнутых на сходзе зацікаўленых, што праводзіўся ў сакавіку.

Адказным за выраб і ўсталяванне дошкі прызначылі мясцовы краязнаўчы музей. У траўні ён распрацаваў эскіз дошкі і ўклаў дамову на яе выраб. У чэрвені эскіз накіравалі на ўзгадненне ў раённую архітэктурна-горадабудаўнічую раду. У ліпені дошку вырабілі і пачалі ўзгадняць месца яе ўсталявання з аддзелам архітэктуры райвыканкама і мясцовым аддзелам ДАІ. У пачатку жніўня актывістам паведамілі, што ў аздабленне дошкі, вырабленай раней, уносяцца карэктывы. І, нарэшце, напрыканцы жніўня дошку ўсталявалі на вуліцы імя Яфіма Капеляна.

Вуліца гэтая месціцца на ўскрайку Рэчыцы ў раёне прыватнай забудовы, які мясцовыя называюць «Верталётная пляцоўка», бо раней тут месціўся грамадзянскі аэрадром, дзе сядалі верталёты.

«Вельмі радасна, што нас пачулі і, мяркую, усім удзельнікам было прыемна ўдадаць унёсак у культурнае жыццё горада. Дзякуй усім! Абавязкова наведайце вуліцу імя Яфіма Капяляна, яно таго вартае! – пракаментавала з’яўленне дошкі грамадская актывістка Таццяна Ласіца. – Але на гэтым наша ініцыятыўная група не спыняецца і думае пра тое, каб з'явіўся музей або вялікая экспазіцыя па Капяляну, і кожны з гараджан можа ўкласціся ў гэтую справу! Гэтак жа мы марым, каб у горадзе з'явіўся арт-аб'ект, які нагадваў бы нам пра гэтага чалавека, можа гэта будзе лаўка ў скверы над Дняпром ці нешта іншае».

Таццяна Ласіца