Паразумеліся! Рэчыцкія ўлады паабяцалі усталяваць на вуліцы імя Капяляна інфармацыйны стэнд

Андрусь ГАЁВЫ 25.03.2019

Актывісты грамадскага аб’яднання “Гавары праўду” ў Рэчыцы, занепакоеныя тым, што многія жыхары горада не ведаюць хто такі іх знаны зямляк, савецкі артыст тэатра і кіно Яфім Капелян, сабралі больш за 250 подпісаў пад зваротам у райвыканкам за ўсталяванне мемарыяльнай дошкі на вуліцы райцэнтру, названай ягоным імём. Улады знайшлі з заяўнікамі кампраміснае вырашэнне.

kapialian

14 сакавіка ў Рэчыцы адбылася сустрэча прадстаўнікоў раённай улады з зацікаўленымі грамадзянамі. На яе прыйшло каля двух дзясяткаў жыхароў горада. Уладныя структуры прадстаўлялі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Горбач, кіраўніца аддзелу архітэктуры Лідзія Скакун, загадчыца аддзелу ідэалогіі, культуры і са справаў моладзі Святлана Краўчанка. Таксама з заяўнікамі стасаваліся выканаўца абавязкаў дырэктаркі раённага краязнаўчага музея Вольга Баброўнік і дырэктарка мясцовага кінатэатра Анастасія Анціпава.

На думку Вольгі Баброўнік, Яфім Капелян у горадзе ўшанаваны дастаткова. Мемарыяльная шыльда ў ягоны гонар усталяваная на будынку мясцовага кінатэатра, ягоным імём названая вуліца, у музеі маецца экспазіцыя, якая месціць досыць шмат матэрыялаў пра ягонае жыццё.

Галоўная архітэктарка Рэчыцы Лідзія Скакун давяла, што вуліца Капяляна сёння знаходзіцца ў стадыі забудовы прыватнымі дамамі, якіх там запраектавана 20. Будынкі ўзводзяцца ў асноўным на значнай адлегласці ад платоў і мемарыльную шыльду на іх папросту не будзе бачна, ды й доступу да яе не будзе. Акрамя таго, выклікаюць сумневы магчымасці атрымання згоды на ўсталяванне шыльды на фасадах прыватных дамоў ад іх гаспадароў.

Аляксандр Горбач выказаў сумнеў у тым, што ўсталяванне мемарыяльнай шыльды на вуліцы, якая месціцца на ўскрайку горада і зараз мае не самы прывабны выгляд, паспрыяе пашырэнню ведаў пра заслугі артыста.

Падчас абмеркавання прагучаў шэраг прапановаў па пашырэнні інфармаванасці жыхароў Рэчыцы пра свайго вядомага земляка. Частка гэтых прапановаў уладамі была ўспрынята станоўча. У прыватнасці Аляксандр Горбач паабяцаў да 12 красавіка (дня народзінаў Капеляна) разгледзець магчымасці набыцця права паказу фільмаў з удзелам артыста ў расійскіх кінастудыяў, каб правесці бясплатныя кінапаказы.

На прапанову неабыякавага жыхара горада Сяргея Лінкевіча ўсталяваць на адпаведнай вуліцы не мемарыяльную шыльду, а інфармацыйны стэнд, улады таксама адрэагавалі станоўча. Як паведаміла Святлана Краўчанка, для такога стэнду законам не прадугледжаныя нейкія абмежаванні. Аляксандр Горбач паабяцаў стварыць з адпаведных раённых структураў працоўную групу для вырашэння канкрэтных пытанняў па ўсталяванні інфармацыйнай шыльды са звесткамі пра жыццё і дзейнасць Яфіма Капеляна.

-- З нагоды ўсталявання шыльды мы вырашылі. Мемарыяльную дошку мы не ўсталёўваем, а ўсталёўваем інфармацыйную шыльду. Пытанне цяпер у тым, куды яе прымацаваць і паставіць, і цяпер мы над гэтым будзем працаваць – сказаў намеснік старшыні райвыканкама.

Ініцыятыўная група, якая дамагаецца большай вядомасці Яфіма Капяляна ў ягоным родным горадзе, засталася задаволенай вынікамі сустрэчы і цяпер спадзяецца, што дасягнутыя дамоўленасці будуць уладай выкананыя.

-- Вельмі прыемна, што нас пачулі, –  адрэагавала на вынік сустрэчы адна з ініцыятарак ушанавання артыста Таццяна Ласіца. – Мы нават не чакалі, што ўлады так актыўна пойдуць нам насустрач. Канешне, крыўдна, што ў нас вуліцы імя такіх вядомых землякоў знаходзяцца недзе на водшыбе і у такім не вельмі прывабным выглядзе, што нават і сапраўды праблемна там усталяваць нейкую інфармацыю пра чалавека. Гэта ў той час, як у цэнтры горада ў нас вуліцы з імёнамі людзей, якія не толькі не маюць дачынення да Рэчыцы, да нашай краіны ўвогуле, але і гістарычная іх роля вельмі неадназначная – Чапаева, Урыцкага, Леніна, Луначарскага, Карла Маркса. Але абнадзейвае тое, што размова атрымалася канструктыўная і мы маем абяцанні намесніка кіраўніка раённай улады па развязанні нашых пытанняў.