Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк была этапавана ў РНПЦ псіхічнага здароўя
Цімур Казачэнка
08.06.2023
>
Палітычная
зняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая адбывае пакаранне ў жаночай калоніі №
24 ў г. п. Зарэчча Рэчыцкага раёна, была этававана ў Рэспубліканскі навукова-практычны
цэнтр псіхічнага здароўя ў Мінску.
Афіцыйная мэта этапавання палітзняволенай у
гэтую ўстанову – правядзенне судова-псіхіятрычнай экспертызы. Трэба
адзначыць, што такая экспертыза ўжо праводзілася ў час следства па крымінальнай
справе, паводле якой яе асудзілі.
Пра этапаванне стала вядома напрыканцы траўня.
Незадоўга перад змяшчэннем у РНПЦ Паліна
Шарэнда-Панасюк напісала заяву аб тым, што адмаўляецца ад
беларускага грамадзянства і з гэтага часу не падпарадкоўваецца «ніякім законам
акупацыйнай улады». Муж Паліны, Андрэй
Шарэнда, не выключае, што супраць палітзняволенай могуць ужыць метады
сумнавядомай у савецкі час «карнай псіхіятрыі».
Паліна Шарэнда-Панасюк, якая жыла ў Брэсце,
знаходзіцца ў зняволенні з дня затрымання 3 снежня 2021 года. Суд Маскоўскага
раёна Брэста 9 чэрвеня 2021 г. прыгаварыў яе да 2 гадоў пазбаўлення волі ў
калоніі агульнага рэжыму па абвінавачаннях, звязаных з пратэстамі пасля прэзідэнцкіх
выбараў 2020 г. (суддзя Яўген Брэган).
Падчас адбывання пакарання ў жаночай калоніі №
4 ў Гомелі па ініцыятыве адміністрацыі супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу
за «злоснае непадпарадкаванне» (начальнік калоніі Дзяніс Таўсцянкоў). 7 красавіка 2022 г. па гэтай справе суд
Чыгуначнага раёна Гомеля прыгаварыў яе яшчэ да 1 года пазбаўлення волі (суддзя Мікалай Крупадзёраў). 22 ліпеня 2022 г.
стала вядома, што яна пераведзена ў калонію № 24 для жанчын, якія здзейснілі
злачынства паўторна.
У калоніях палітзняволеную шматразова змяшчалі
ў штрафныя ізалятары, карцэры і памяшканні камернага тыпу. На 16 траўня
бягучага года ў Рэчыцы быў прызначаны яшчэ адзін суд над грамадзянкай за
«злоснае непадпарадкаванне».
На здымку:
Паліна Шарэнда-Панасюк.