У палескіх гарадах прайшлі пікеты за вылучэнне кандыдатаў на дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у якіх узялі ўдзел кіраўнікі агульнанацыянальных палітычных структараў.
14 верасня пікет у Калінкавічах ладзіла кандыдатка Тамара Зайцава. А падтрымаць яе прыехаў лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу, экс-кандыдат на прэзідэнта Мікола Статкевіч. Асноўная мэта выбарчай кампаніі Тамары Зайцавай, паводле яе сцвярджэння, барацьба з карумпаванасцю мясцовых сілавікоў і чыноўнікаў.
Тамара распавядае, што яна і яе дзеці пацярпелі ў выніку незаконных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, але дамагчыся праўды ў следчым камітэце, пракуратуры альбо судзе – невыканальная задача. Пенсіянерка сцвярджае, што ўсе гэтыя структуры паміж сабою звязаныя і праблемы вырашаюць кулуарна, не абапіраючыся на закон.
У прамовах Міколы Статкевіча гучалі відавочныя агітацыйныя заклікі ў падтрымку палітычнага курсу ўзначальваемых ім структураў. Але паводле дзейных законаў на гэтым этапе агітацыя забароненая. Саткевіч патлумачыў, што робіць гэта свядома.
«Збор подпісаў – гэта самы дэмакратычны перыяд так званай выбарчай кампаніі. Мы можам без аніякіх узгадненняў з самапрызначанай уладай ставіць свае пікеты, вешаць нацыянальныя сцягі там, дзе мы лічым патрэбным на тэрыторыі ўсёй краіны, акрамя некалькіх забароненых імі месцаў. Ужо падчас агітацыйнай кампаніі Ярмошына збіраецца абмежаваць магымасці правядзення сходаў і ўвесці ўзгадненні акцыяў з уладай. Яны лічаць, што выкарыстоўваюць нас для стварэння нібыта канкурэнцыі ўладным вылучэнцам, то чаму б нам не выкарыстаць іх і гэтую іхнюю кампанію для таго, каб данесці да людзей свае погляды? Мы і выкарыстоўваем гэты перыяд на поўную. Яны могуць выносіць ініцыятыўным групам нашых прэтэндэнтаў на кандыдацтва папярэджанні і потым проста не зарэгістраваць кандыдатамі. Але ж мы ўсе цудоўна разумеем, што іх усё адно яны не прапусцяць у так званы парламент. А працэдуры скасавання рэгістрацыі ініцыятыўнай групы заканадаўства не прадугледжвае. Таму гэты месяц мы лічым неабходным выкарыстаць як мага больш плённа для таго, каб згуртаваць наш народ супраць антыбеларускай улады»,
– адзначыў Мікола Статкевіч.
У дзень пікетавання ў Калінкавічах праводзіўся рэспубліканскі фестываль гумару «Аўцюкі». Пікет Тамары Зайцавай размяшчаўся як раз паміж фестывальнай пляцоўкай і мясцовым рынкам, таму на ім заўжды прысутнічала даволі шмат людзей. Некалькі супрацоўнікаў мясцовага РАУС у цывільным адзенні пастаялі каля пікету, некуды ўвесь час тэлефануючы, і сыйшлі. Таксама пад’язджала здымачная група тэлеканала «Мозырь», якая досыць шмат часу здымала тое, што адбывалася на пікеце.
Пасля калінкавіцкага пікету Мікола Статкевіч з паплечнікамі пераехаў у Мазыр. Тут ён паўдзельнічаў у пікетах у падтрымку адразу двух прэтэндэнтаў на кандыдацтва – Міхаіла Бандарэнкі і Уладзіміра Неўмяржыцкага. Першы з іх пазіцыянуе ініцыятыву «Еўрапейская Беларусь», другі – Народную Грамаду.
Як паведаміў назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Целяпун, каля пікетаў былі заўважаныя старшыня Мазырскай акруговай выбарчай камісіі Міхал Пашынскі, яе сакратар Наталля Малец і чалец камісіі Юрый Каплан, а таксама начальнік ідэялагічнага аддзела Мазырскага райвыканкама Ірына Міронычава ды іншыя работнікі выканкама. На пікетах таксама працавала здымачная група тэлеканала «Мозырь».
Рэакцыя мазырчукоў была ня вельмі актыўнай. Хаця каму набалела, маглі задаць пытанні Міколу Статкевічу і выступіць з прамовамі самі. Найбольш прываблівалі гараджан бел-чырвона-белыя сьцягі і месэдж «Лукашенко должен уйти!».
Два пікеты ў Мазыры зладзілі і ініцыятары, якія вылучаюць у кандыдаты старшыню раённага савета дэпутатаў Валянціну Назаранка. Праўда самой кандыдаткі на іх заўважна не было. На думку назіральніка, яна будзе пра сябе распавядаць на сходах у калектывах, у якія наўрад ці патрапяць апазіцыйныя кандыдаты. Рабіць гэта на вуліцы, дзе можна наўпрост размаўляць з жыхарамі акругі, ейны прамоўніцкі талент ёй не дазваляе. Таму подпісы ў падтрымку ўладнай вылучэнкі збіралі сябры Федэрацыі прафсаюзаў беларускай і БРСМ.
У Рэчыцу на першы, наладжаны тут, пікет падтрымаць вылучэнку ад ГА «Гавары праўду» Таццяну Ласіцу прыехала сустаршынька грамадскага аб’яднання і таксама экс-кандыдатка на прэзідэнта Таццяна Караткевіч. Яны некаторы час пабылі на пікеце на цэнтральным рынку Рэчыцы, а потым разам усёй сваёй камандай прайшліся па кватэрам жыхароў горада. За час знаходжання вядомай палітычнай дзяячкі ў Рэчыцы ініцыятыўнай групе ўдалося сабраць каля двух дзясяткаў подпісаў, выслухаць ад жыхароў выбачай акругі праблемы, якія іх хвалююць.