Фестываль «Аўцюкі»: гумар з сумным адценнем

Андрусь ГАЁВЫ 15.09.2019

14 верасня ў Калінкавічах адбыліся галоўныя мерапрыемствы дзявятага фестывалю гумару «Аўцюкі». На жаль, з кожным новым фэстам, ён робіцца ўсё менш і менш беларускім.

Першы такі фестываль адбыўся ў 1995 годзе. Ён праходзіў не ў райцэнтры, які да абвешчаных дзіцячым пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім беларускай сталіцай гумару вёсак Малыя ды Вялікія Аўцюкі амаль не мае дачынення, а ў саміх вёсках і ў дуброве між імі на беразе ракі Закаванкі. Называўся ён тады «Усебеларускі фестываль народнага гумару». Тады яшчэ беларускую мову не паспелі пазбавіць статусу адзінай дзяржаўнай і фэст быў практычна цалкам беларускамоўным.

Чым болей улады аддавалі моўную прастору нашай краіны расійскай мове, тым болей страчваў беларускае аблічча і аўцюкоўскі фестываль. У сярэдзіне нулявых яго перанеслі ў райцэнтр Калінкавічы. І цяпер ён ужо не ўсебеларускі, а рэспубліканскі. Замест прыналежнасці да Беларусі ў назве для чагосьці зафіксавалі адну з існуючых у свеце формаў дзяржаўнага ўладкавання. Добра, што пакуль яшчэ ён хаця б «рэспубліканскі», а не манархічны, што больш трапна адлюстроўвала б канцэнтрацыю ўлады ў руках аднае асобы, характэрную сёняшняй Беларусі.

Цяпер гэтае мерапрыемства выглядае даволі дзяжурна і стандартна, як любое афіцыйнае свята, кшталту абласных Дажынак альбо дня горада. Дарэчы, ад многіх калінкаўцаў на фестывалі даводзілася чуць фразу «сёння ў нас дзень горада», а калі перапытваў, дык выпраўляліся: «ну вярнее, Аўцюкі гэтыя, гумар той».

Выгнаныя на адну з вуліц калінкавіцкія дзіцячыя садкі, школы, дом піянераў, музычная і мастацкая школы, цэнтр экалагічнага выхавання спрабавалі забаўляць людзей звыклымі для наведвальнікаў любога афіцыйнага свята забаўкамі з адной толькі розніцай, што ўсё гэта мела ў назве слова «Аўцюкоўскі». Сагнаныя з усёй Гомельшчыны раённыя цэнтры рамёстваў з кошыкамі, саламянымі вырабамі і… матрошкамі ды талеркамі, распісанымі пад хахламу, гандлявалі сваімі вырабамі. Ну і звычайныя для падобных падзеяў падворкі сельсаветаў Калінкавіцкага раёна, як пішуць афіцыйныя медыі, «создавали ощущение праздника». Вядома ж, былі харчовыя шэрагі гандлёвых арганізацыяў, Калінкавіцкіх мяса- і малочнага камбінатаў, некалькіх калгасаў і рыбгасу «Трэмля».

У праграме і конкурсных, і проста канцэртных выступаў часам гучала нашая мова, але ж такія творы, як «Барыня», «Цыганочка», «Сад-виноград» і розная расійская папса ўсё беларускае папросту перакрэслівалі. Прычым, гэта чулася не толькі з пляцовак розных сельскіх клубаў ды мясакамбінатаў, але і з галоўнай фестывальна сцэны. У цэлым, гэта паказала, як імкліва прасоўваецца дзеючай уладай этнічная асіміляцыя беларускага этнасу расійскім этнічным уплывам.

Сярод рамеснікаў, якія прадстаўлялі раённыя цэнтры рамёстваў было нямала людзей, якія былі апранутыя ў беларускія нацыянальныя адзенні. Але нават на пытанні па-беларуску, імкнуліся адказваць «па культурнаму», то бок, па-расійску. Атрымлівалася, праўда, жудасная трасянка, але людзі, відаць, лічаць, што яны на правільным шляху і нават матчынага мясцовага дыялекту у горадзе на «фісцівалі» лепей адцурацца.

Дарэчы, за два тыдні перад пачаткам фестывалю высветлілася, што ў яго складзе збіраюцца правесці нейкі свой фестываль «Рарог» славянафілы з так званага «Беларускага славянскага камітэту», які ўзначальвае вядомы прыхільнік «русского мира» Сяргей Касцян. Яны нават рассылалі запрашэнні на ўдзел у ім такім установам, як Веткаўскі музей стараабрадніцтва і народных традыцыяў. Але, калі імпрэзай зацікавіліся незалежныя медыі, мясцовыя ўлады адказалі, што нічога такога не плануецца.  

 

На падворках сельскіх саветаў і пляцоўках гандлёвых арганізацыяў можна было ўжываць розныя моцныя напоі, да чарак з якімі прапаноўваліся, адпаведныя шкваркі. І ўсё гэта пад песні, кшталту «В золоченой церкви нас с тобой венчали», альбо ўвогуле пад «Белые розы» ў выкананні кабетаў з народных ансамбляў сельскіх ДК пад мінусоўку з дынамікаў. Гучалі яны прыкладна так: «Белыя розы, белыя розы, беззашчытны шыпы, што з вамі здзелаў сьнех і марозы, лёд вітрын галубых». Магчыма, з гэтага трэба было рагатаць, але чамусьці навярналіся слёзы…