У красавіку – дні нараджэння ў двух палітзняволеных ў Мазырскім раёне
Цімур Казачэнка
29.03.2024
>
Двое палітычных зняволеных
– Сяргей Старавойтаў і Аляксей Драб, якія знаходзяцца ў калоніі № 20 у
Міхалкоўскім сельсавеце Мазырскага раёна, у чарговы раз сустрэнуць свае дні
народзінаў за кратамі. Ім можна даслаць паштоўку, ліст альбо тэлеграму, і такім
чынам маральна падтрымаць.
Сяргей Старавойтаў,
якому 3 красавіка споўніцца 26 гадоў,
быў затрыманы 24 чэрвеня 2022 г. Прычына – удзел у мірных пратэстных акцыях,
якія адбываліся 10 – 11 жніўня 2020 г., калі народ не паверыў абвешчаным
вынікам прэзідэнцкіх выбараў. Яго абвінавацілі па артыкуле 342 Крымінальнага
кодэкса – “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі
парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”. У судзе Фрунзенскага раёна Мінска ён быў
прыгавораны да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. 31
кастрычніка 2022 г. праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным.
Жыхар Мінска Аляксей Драб 20 красавіка сустрэне свае
24-годдзе. Яго затрымалі 20 кастрычніка 2020 г. і абвінавацілі па арт. 364 КК –
“Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў
унутраных спраў”. У СІЗА пасля затрымання ён паступіў з гіпсам.
Падзеі, за якія ён быў затрыманы, адбыліся пасля 17 гадзін 11 кастрычніка
2020 г., падчас пратэстнай акцыі ў сувязі з недаверам да абвешчаных вынікаў
прэзідэнцкіх выбараў. Каля станцыі метро “Пушкінская” ў Мінску ён і яшчэ трое
абвінавачаных перашкодзілі АМАПу затрымаць чалавека, уступілі з прадстаўнікамі
уладаахоўных органаў у бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галаве і разбілі шкло
ў службовым аўтамабілі.
Пацярпелымі па справе выступалі 7 супрацоўнікаў АМАПу. А. Драб сваю віну
прызнаў часткова. 2 красавіка 2021 г. у судзе Фрунзенскага раёна Мінска яго
прыгаварылі да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
разам з ім на тэрміны ад 4 да 5 гадоў зняволення былі асуджаны і іншыя трое
абвінавачаных па гэтай справе. 7 красавіка 2021 г. яны былі прызнаны
праваабаронцамі ў якасці палітзняволеных.
Напісаць можна на адрас: Старавойтаву
Сяргею Сяргеевічу, Драбу Аляксею Юр’евічу, ПК № 20, Міхалкоўскі сельсавет, 70,
Мазырскі р-н, Гомельская вобл., 247755.
Адзначым, што ў гэтай калоніі знаходзяцца на цяперашні час 7
палітзняволеных. Яшчэ 17 палітзняволеных у Мазырскім раёне адбываюць пакаранні
ў папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ) № 21 у Мазыры. У жаночай калоніі №
24 у г. п. Зарэчча Рэчыцкага раёна – 4 палітзняволеныя-жанчыны.
Апроч Мазырскага і Рэчыцкага раёнаў, у Гомельскай вобласці 153
палітзняволеных налічваецца ў трох месцах зняволення ў Гомелі (у жаночай
калоніі № 24, ПУАТ № 17 і СІЗА № 3), агульная колькасць, такім чынам, па
вобласці – 181. У спісе палітзняволеных па ўсёй краіне – 1400 чалавек.
На здымку: А. Драб (з
левага боку) і іншыя абвінавачаныя ў судзе.