З'явіліся новыя палітзняволеныя з Брагінскага, Жыткавіцкага і Рэчыцкага раёнаў

Цімур Казачэнка 30.08.2022

>

У жніўні беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 13 чалавек з Гомельскай вобласці. Сярод іх ёсць жыхары Брагінскага, Жыткавіцкага і Рэчыцкага раёнаў.

5 жніўня палітзняволеным быў прызнаны 26-гадовы Дзмітрый Брэль з Рэчыцы. 

Яшчэ аднаго жыхара Рэчыцкага раёна праваабаронцы прызналі палітзняволеным 12 жніўня. Гэта – 43-гадовы Віктар Несцераў. Ён быў асуджаны 1 снежня 2021 г. паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса – «Абраза прадстаўніка ўлады». Грамадзянін прыгавораны да 1,5 год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) за тое, што абразіў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» Андрэя Комара – старэйшага ўчастковага інспектара аддела ўнутраных спраў Першамайскага раёна г. Бабруйска Магілёўскай вобласці, капітана міліцыі. Справу разглядала суддзя Марына Кацуба. Рэчычанін адбывае пакаранне з 1 чэрвеня. Яму можна дасылаць паштоўкі і лісты на адрас: ПУАТ № 55, вул. Сацыялістычная, 7, г. Мінск, 220021.

Таксама 12 жніўня праваабаронцамі быў прызнаны палітзняволеным Віталь Янчанка – 51-гадовы настаўнік хіміі і біялогіі Малажынскай сярэдняй школы Брагінскага раёна. Ён быў затрыманы 14 ліпеня і на наступны дзень пастановай суда атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Згодна з наяўнай інфармацыяй, супраць яго распачата крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы») – за збор і перадачу «Тэлеграм»-каналу, які ўлады ўключылі з спіс экстрэмісцкіх, інфармацыі аб недахопах у працы сацыяльных аб'ектаў, а таксама фота- і відэафіксацыю перамяшчэння вайсковай тэхнікі ў Гомельскай вобласці, якую грамадзянін перадаваў «экстрэмісцкім» каналам. Пасля арышту ён выйшаў на волю 29 ліпеня.

17 жніўня прызнаны палітзняволеным 25-гадовы ураджэнец г. Жыткавічы Дзяніс Дорах. Ён быў затрыманы 3 жніўня ў межах крымінальнай справы паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць  грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» – за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 г. Месца яго ўтрымання праваабаронцамі ўдакладняецца.

Падставай для прызнання грамадзян палітзняволенымі з’яўляецца тое, што ў абвінавачаннях супраць іх ёсць відавочная палітычная матывацыя.

На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1306 палітзняволеных.

На здымку: Віктар Несцераў.