"Экстрэмістаў" на Палессі робіцца ўсё больш

Жорж Кунцэвіч 10.07.2023

>>>>

Яшчэ два жыхары гомельскага Палесся ўключаны ў “Пералік грамадзян, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

На гэты раз да “экстрэмістаў” залічылі жыхарку Жыткавіч Дар’ю Іксанаву, студэнтку-скульптарку Акадэміі мастацтваў. Вядома, што ў 2020 годзе Дар'ю затрымлівалі на 15 сутак. Тады яна была студэнткай каледжа.

А 12 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска над Дар'яй адбыўся суд па крымінальнай справе. Суддзя Юльяна Шчэрба прызнала дзяўчыну вінаватай ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту і прызначыла ёй два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову ("хатняя хімія"). Яе вызвалілі ў зале суда.

У спісе таксама жыхар вёскі Нагорныя Мазырскага раёна Уладзімір Машкоўскі.

5 красавіка ў судзе Мазырскага раёна прайшоў судовы працэс па справе, звязанай з палітычнымі падзеямі ў краіне. На гэты раз чалавек, якога судзілі – Уладзімір Машкоўскі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Грамадзяніну прад’явілі абвінавачанні паводле часткі 1 артыкула 342 – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» (маюцца на ўвазе мірныя сходы пратэстнага характару), ч. 2 арт. 367 – (Паклёп у дачыненні да прэзідэнта), ч. 1 арт. 368 –  (Абраза прэзідэнта), і арт. 369 – (Абраза прадстаўніка ўлады). Справу разглядала прызначаная Лукашэнкам на пасаду суддзі Валянціна Новікава.

Які прысуд вынесены Машкоўскаму – дагэтуль невядома.