У Мазыры – чарговы суд па палітычна матываванай справе

Цімур Казачэнка 05.04.2023

>

5 красавіка ў судзе Мазырскага раёна зноў праводзіўся судовы працэс па справе, звязанай з палітычнымі падзеямі ў краіне. На гэты раз чалавек, якога судзілі – Уладзімір Машкоўскі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Грамадзяніну прад’явілі абвінавачанні паводле часткі 1 артыкула 342 – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» (маюцца на ўвазе мірныя сходы пратэстнага характару), ч. 2 арт. 367 – (Паклёп у дачыненні да прэзідэнта), ч. 1 арт. 368 –  (Абраза прэзідэнта), і арт. 369 – (Абраза прадстаўніка ўлады). Справу разглядала прызначаная Лукашэнкам на пасаду суддзі Валянціна Новікава.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г., абвешчаныя вынікі якіх выклікалі сумненні ў народзе і прывялі да масавых акцый пратэсту, у Беларусі ўвесь час адбываюцца суды па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэкса. Па артыкуле 342 (за масавыя акцыі) зараз у зняволенні знаходзяцца 497 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. Па артыкуле 367 («паклёп у адносінах Лукашэнкі») у краіне налічваецца 54 палітзняволеных, па артыкуле 368 («абраза Лукашэнкі») – 277, па артыкуле 369 («абраза прадстаўніка ўлады») – 275.

Агульная колькасць палітзняволеных у Беларусі на цяперашні час – 1472.