Назіральнік: «Чым больш старанна група збірала подпісы, тым больш недакладных знайшлі камісіі». Падсумавалі вынікі праверкі подпісаў

Андрусь ГАЁВЫ 29.06.2020

У раённых выбарчых камісіях палескіх гарадоў, дзе кампаніяй «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ажыццяўляецца доўгатэрміновае назіранне, падвялі вынікі праверкі подпісаў. Назіральнікі паведамляюць пра некаторыя заканамернасці.


Светлагорск

Як паведаміла назіральніца Алена Маслюкова, тут найбольшы адсотак несапраўдных подпісаў знайшла выбарчая камісія ў падпісных лістах Валерыя Цэпкалы – спачатку 15,98%, а пры кантрольным адборы 15,04%. У выніку ўсе 1577 подпісаў за гэтага прэтэндэнта, сабраныя ў Светлагорскім раёне, прызнаныя несапраўднымі.  


Чытайце таксама: 

У Светлагорску раённая выбарчая камісія не прызнала ўсе 1577 подпісаў, здадзеных за Цэпкалу


На другім месцы паводле колькасці подпісаў, якія не спадабаліся чальцам камісіі ў Светлагорску, сталі подпісы за Святлану Ціханоўскую. З 287 адабраных на праверку подпісаў, 33 прызнаныя недакладнымі, што склала 11,5%. Прынялі ж да ўліку 1401 подпіс. 6,94% недакладных подпісаў знайшлі ў падпісных аркушах за Ганну Канапацкую. Прынялі да ўліку 710 подпісаў. У падпісных аркушах за Андрэя Дзмітрыева знайшлі 1 недакладны подпіс, які склаў 4,17%. Прынялі ж да ўліку 119 подпісаў. 136 або 3,31% недакладных подпісаў адшукалі нават у падпісных аркушах за Аляксандра Лукашэнку. Але дакладных прынялі 20 411. У падпісных лістах за Віктара Бабарыку выявілі 8 недакладных подпісаў, якія склалі 2,3% ад спраўджаных. Прынялі да ўліку 1806 подпісаў. Самымі «чыстымі» аказаліся падпісныя аркушы за Сяргея Чэрачня. За яго тут здалі 25 подпісаў, 5 з іх узялі для праверкі і сярод іх не знайшлі ніводнага недакладнага.


Мазыр

Назіральнік Уладзімір Целяпун паведамляе, што ў Мазыры не прынялі ўсе 29 подпісаў, здадзеных за Ганну Канапацкую, бо сярод адабраных для праверкі 6 подпісаў 1 аказаўся недакладны і склаў 16,6%. Па 14,8% недакладных подпісаў налічылі Святлане Ціханоўскай і Валерыю Цэпкалу. Праўда, ў дазволены максімум у 15% такія лічбы «ўпісаліся», таму за Святлану Ціханоўскую прынялі 2110 подпісаў, а за Валерыя Цэпкалу – 590. 6,7% недакладных подпісаў адшукалі ў падпісных аркушах за Сяргея Чэрачня. Па выніку прынялі магічныя 4444 подпісы. Сярод подпісаў за Віктара Бабарыку знайшлі 6,4% недакладных, а прынялі 2780. У падпісных аркушах Андрэя Дзмітрыева 5,2% аказаліся недакладнымі. Прынялі 3957 подпісаў. Ну і самымі бездакорнымі, паводле высноваў камісіі, сталі падпісныя аркушы за Аляксандра Лукашэнку. Тут знайшлі толькі 0,43% недакладных подпісаў і прынялі 27412 подпісаў.


Рэчыца

Паводле інфармацыі назіральніка Валера Пуціцкага, самая, здавалася б, педантычная на пікетах група – Віктара Бабарыкі, назбірала, з высноваў камісіі, 10,1% недакладных подпісаў. Прынялі ад яе 1593 подпісы. 9,47% недакладных подпісаў камісары знайшлі ў падпісных аркушах за Святлану Ціханоўскую і ў выніку прынялі 1174 подпісы. Нягледзячы на тое, што менавіта ў Рэчыцы месціўся абласны штаб прыхільнікаў Андрэя Дзмітрыева і ён сам, і ягоная кіраўніца ініцыятыўнай групы наведвалі горад, сярод подпісаў за яго мясцовы выбаркам знайшоў 8,43% недакладных. Таму прынялі 758 подпісаў. 5,6% несапраўдных подпісаў выявілі ў падпісных аркушах за Валерыя Цэпкалу. Прынялі ад гэтай групы 232 подпісы. У аркушах за Сяргея Чэрачня 3,8% прызналі недакладнымі і ўлічылі 570 подпісаў. Амаль роўны з Чэрачнем вынік паказалі Аляксандру Лукашэнку – 3,77% несапраўдных. Праўда, тут прынялі 26 506 подпісаў. І найменш прэтэнзіяў у камісіі было да падпісных аркушоў за Ганну Канапацкую. Тут знайшлі толькі 2,6% недакладных подпісаў, а прынялі да ўліку 1112.

«Я быў на пікетах усіх ініцыятыўных групаў, якія працавалі ў Рэчыцы, і бачыў як хто падыходзіць да збору подпісаў. І пасля абвяшчэння вынікаў праверкі ў мяне склалася ўражанне, што той, хто найбольш адказна выконваў заканадаўства і запаўняў падпісныя лісты, той ад камісіі атрымаў найбольшую лічбу “брака”», – пракаментаваў пачутыя вынікі назіральнік Валер Пуціцкі.


Калінкавічы

Тут абыйшлося без нейкіх асаблівых вынікаў. Падпісныя лісты здалі ініцыятыўныя групы шасці прэтэндэнтаў і, паводле інфармацыі назіральніка Андрэя Мядзведзева, колькасць адбракаваных досыць нізкая. 10,5% недакладных подпісаў знайшлі ў падпісных аркушах Віктара Бабарыкі. Прынялі ж 1591 подпіс. У падпісных аркушах за Валерыя Цэпкалу выявілі 7,7% недакладных подпісаў, прынялі 121 подпіс. Сярод подпісаў за Андрэя Дзмітрыева хібнымі прызналі 1 подпіс з 14, якія правяралі, ці 7,1%, прынялі 68 подпісаў. За Аляксандра Лукашэнку налічылі 6,5% недакладных подпісаў, прынялі ж 11 733 подпісы. У падпісных аркушах за Святлану Ціханоўскую з 231 адабранага камісарам удалося адшукаць 3 подпісы, якія прызналі недакладнымі. Гэта склала 1,3%. Прынялі да ўліку 1097 подпісаў. І зусім не знайшлі ў 45 адабраных подпісах недакладных у падпісных аркушах за Сяргея Чэрачня. Таму і прынялі 216 подпісаў.


Увогуле ў чатырох раёнах было прынята да ўліку:

за Аляксандра Лукашэнку -  86 062 подпісы,

за Віктара Бабарыку7770 подпісаў,

за Святлану Ціханоўскую5782 подпісы,

за Сяргея Чэрачня5255 подпісаў,

за Андрэя Дзмітрыева4902 подпісы,

за Ганну Канапацкую1822 подпісы,

за Валерыя Цэпкалу943 подпісы.