У двух палітзняволеных у Мазыры – дні нараджэння ў сакавіку

Цімур Казачэнка 25.02.2023

>

Двое палітычных зняволеных, якія знаходзяцца ў папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ) № 21 у Мазыры, у сакавіку адзначаюць свае дні народзінаў. Ім можна даслаць паштоўку, ліст альбо тэлеграму.

11 сакавіка дзень нараджэння адзначыць Андрэй Кунцэвіч, якому споўніцца 56 год. Ен асуджаны 26 траўня 2022 г. да абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ паводле артыкула 342-2 Крымінальнага кодэкса – «Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў». Пакаранне адбывае з 10 жніўня 2022 года. 10 лістапада 2022 г. праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным.

31 сакавіка свае 22-годдзе адзначыць Дзмітрый Ляўчук з Мінска. Ён быў абвінавачаны ў тым, што 20 верасня 2020 г., пасля прэзідэнцкіх выбараў, удзельнічаў у мітынгу і выходзіў на праезную частку вуліцы Ціміразева ў Мінску. Па гэтай крымінальнай справе ён затрымліваўся з 15 па 25 лютага і з 17 па 20 сакавіка 2022 г., а з 16 траўня 2022 г. і да абвяшэння прысуду знаходзіўся ў СІЗА. Пракурорам быў заяўлены пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды прадпрыемству «Мінсктранс» у суме 47.716,07 руб.

11 жніўня 2022 г. суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыў грамадзяніна да 3 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. Прыгавор быў вынесены паводле арт. 342 КК – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», і арт. 205 – «Крадзёж». З-пад варты ён быў вызвалены пасля абвяшчэння прысуду ў залі суда. Пакаранне ў ПУАТ адбывае з 22 верасня 2022 года. 27 снежня 2022 г. прызнаны праваабаронцамі ў якасці палітзняволенага.

Напісаць Андрэю Дзмітрыевічу Кунцэвічу альбо Дзмітрыю Яўгеньевічу Ляўчуку можна на адрас: ПУАТ № 21, бульвар Юнацтва, 24, г. Мазыр, Гомельская вобл., 247783. На цяперашні час у гэтай ПУАТ знаходзяцца 27 палітзняволеных.

На здымку: Папраўчая ўстановы адкрытага тыпу № 21, Мазыр.