Ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на кандыдатаў у прэзідэнты актывізаваліся ў палескіх раёнах пад канец тыдня (ФОТА, ВІДЭА)

Андрусь ГАЁВЫ 30.05.2020

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» толькі  пад канец тыдня адзначылі ў некаторых гарадах усходняга Палесся заўважную актыўнасць ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатаў на прэзідэнта. Пра актыўнае пікетаванне ў чацвер, пятніцу і суботу паведамляюць з Рэчыцы, Мазыра, Светлагорска.



У Рэчыцы каля гарадскога палацу культуры зладзілі цэлы парад пікетаў. Тут збіралі подпісы за вылучэнне кандыдатамі на прэзідэнта сустаршыні кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева, экс-дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў і экс-чальца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай, а таксама старшыні партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада» Сяргея Чэрачня. Апошні, дарэчы, прыехаў у Рэчыцу асабіста.



Часам каля пікетаў утвараліся невялікія чэргі з трох – пяці чалавек. Людзі, якія падыходзілі падпісацца, крытыкавалі дзеючую ўладу. Некаторыя казалі, што падпішуцца за ўсіх. «Хай хто заўгодна, толькі каб не ён», казалі некаторыя людзі.


Як паведаміў Палескай Вясне Сяргей Чэрачэнь, станам на 28 траўня ягоная каманда па ўсёй краіне сабрала болей за 20 тысячаў подпісаў. Пасля Рэчыцы ён паехаў яшчэ ў Гомель, а на наступным тыдні мяркуе наведаць Калінкавічы і Мазыр.



Тым часам у пятніцу на пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнта Святланы Ціханоўскай – жонкі вядомага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, аўтара You-Tube-каналу «Страна для жизни», выйшлі чальцы яе ініцыятыўнай групы і каманды блогера ў Мазыры. Тут да намёта, у якім працавалі два збіральнікі подпісаў выстрайваліся заўважныя чэргі, нягледзячы на надакучлівы дождж і пранізлівы вецер. Як паведаміў журналісту Палескай Вясны адзін са збіральнікаў подпісаў, за гадзіну збірання толькі ў яго ўжо назбірана больш за 100 подпісаў. Таксама ён паведаміў, што ў папярэднія дні чальцы ініцыятыўнай групы збіралі подпісы праз абыход кватэраў.


Чальцы ініцыятыўнай групы выказалі спадзяванне, што сам Сяргей Ціханоўскі мусіць прыехаць у Мазыр у аўторак 2 чэрвеня. Прынамсі, так ён абвяшчаў на пікеце ў Гомелі напярэдадні. Як раз 2 чэрвеня павінен выйсці з-пад арышту аўтар You-Tube-каналу «Мозырь для жизни» і сябра каманды Сяргея Ціханоўскага Аляксандр Цуканаў, арыштаваны за ўдзел у мазырскай сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім. Але ўвечары 29 траўня пасля правакацыі на пікеце ў Горадні Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПу і на цяперашні час ён знаходзіцца ў міліцэйскім ізалятары.

Людзі таксама абмяркоўвалі сітуацыю ў краіне. Некаторыя распавядалі пра вядомыя ім выпадкі прымусовага збору подпісаў за дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку на прадпрыемствах і ў навучальных установах.



Пікет жа, на якім збіралі подпісы ў падтрымку Лукашэнкі, назіральнікамі палескага рэгіёну заўважаны толькі адзін – каля прахадной Цэлюлозна-кардоннага камбіната ў Светлагорску. Ля пікету падпісантаў не было, а сама пікетоўшчыца сарамліва адварочвалася, хаваючы твар ад назіральніка.


Акрамя гэтага пікета ў Светлагорску адзначаны пікет у падтрымку былога памочніка Лукашэнкі, былога кіраўніка Парку высокіх тэхналогіяў і амбасадара Валерыя Цэпкалы. Тут актыўнасць тых, хто падпісваўся, была больш заўважнай. На 30 траўня ў светлагорскіх суполках у сацсетках у Светлагорску анансаваны пікет па зборы подпісаў за былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку.



30 траўня каля 12-й гадзіны ў Светлагорску каля гандлёвага цэнтру «Березки» з’явіўся таксама пікет прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага, якія збіраюць подпісы за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнта ягонай жонкі Святланы Ціханоўскай. Амаль адразу ж каля пікета пачала выстрайвацца чарга.