Выбаршчык з Калінкавічаў: адкрыта і галосна – значыць без аніякіх абмежаванняў на доступ да працы выбарчых камісіяў

Андрусь ГАЁВЫ 02.12.2019

На працягу ўсёй парламенцкай выбарчай кампаніі ад першага паседжання акруговай выбарчай камісіі Калінкавіцкай выбарчай акругі № 41 і да падвядзення вынікаў галасавання выбаршчык Аляксандр Елісееў спрабаваў ускарыстацца канстытуцыйным прынцыпам адкрытасці і галоснасці выбараў і папрысутнічаць як выбаршчык, на паседжаннях камісіі, атрымаць дакладнае ўяўленне пра тое, за каго прагаласавалі ягоныя землякі і ці не было падчас выбараў нейкіх злоўжыванняў. Але ў яго нічога не атрымалася. Меркаваннямі пра сваё стаўленне да выбарчай сістэмы ў Беларусі, яе сапраўднай адкрытасці і галоснасці, а таксама да законнасці ўлады, якую атрымалі ў выніку такіх выбараў, ён дзеліцца з чытачамі Палескай Вясны.

Аляксандр ЕЛІСЕЕЎ ў холе Калінкавіцкага райвыканкама.

На першае паседжанне акруговай выбарчай камісіі Аляксандр прыйшоў з відэакамерай. Ён прынцыпова не збіраўся акрэдытоўвацца пры ёй у якасці назіральніка, але патрабаваў допуску. Гэтак жа, ён прыходзіў і на ўсе іншыя паседжанні. І ніводнага разу яму не дазволілі зайсці ў залу працы выбарчай камісіі.  

«Я лічу, што статус акрэдытаванага назіральніка павінен спрыяць яму ў атрыманні нейкай інфармацыі, якая ўтрымліваецца ў адпаведных журналах, у падпісных лістах, у спісах выбаршчыкаў – ён можа гэтыя дакументы запытваць, атрымліваць, праглядаць і рабіць свае высновы, падчас падліку галасоў ён можа мець перавагу для  таго, каб абавязкова трапіць у памяшканне, дзе ён адбываецца, найбліжэй да месца падліку. Звычайны грамадзянін – выбаршчык, якому цікава як адбываюцца выбары, можа проста на любым этапе іх падрыхтоўкі і правядзення глядзець як усё там адбываецца. Як праходзяць пасяджэнні камісіяў рознага ўзроўню, як адбываецца галасаванне, падлік галасоў. Артыкул 65 Канстытуцыі кажа, што ўсё гэта мусіць быць адкрыта і голасна. А не прыадкрыта, калі падгледзець у вызначную самімі камісіямі шчылінку могуць толькі тыя, хто атрымаў статус назіральніка, прычым, і яго гэтыя камісіі могуць пазбавіць», – гаворыць Аляксандр Елісееў.

На пытанне пра тое, што ў такім выпадку на паседжанне камісіі ці на выбарчы ўчастак можа прыйсці хто заўгодна, ён адказвае, што так і мусіць быць – хто хоча, той і мусіць прыйсці і стаць сведкам працы камісіі, хады галасавання, падліку галасоў, апячатвання скрыняў, захоўвання іх ды іншых выбарчых працэдураў.

 

Чытайце таксама: Амбасадар Францыі: «У Беларусі заўважная тэндэнцыя прыходу новых людзей ў палітыку праз экалогію» 

 

«Больш за тое, інфармацыю пра гэта хто хоча, той можа і атрымліваць і распаўсюджваць любым магчымым спосабам, каб з ёй маглі пазнаёміцца тыя, хто таксама цікавіцца, але прыйсці да месца дзеяння не можа. Тое, што для назірання патрэбная акрэдытацыя, а для фатаграфавання, відэаздымкаў дазвол старшыні камісіі – гэта відавочныя прыкметы адсутнасці галоснасці і адкрытасці. Гэта азначае, што камісіі робяць нешта такое, што звычайным грамадзянам-выбаршчыкам ведаць нельга. І гэта дае цалкам абгрунтаваныя падставы падазраваць камісіі ў злоўжываннях і маніпуляцыях, якія яны такім чынам імкнуцца схаваць ад шырокага грамадства», – лічыць выбаршчык. 

Тое, што на выбарчыя ўчасткі ў дзень галасавання і на паседжанні камісіяў зараз паваляць натоўпы выбаршчыкаў – гэта казкі, упэўнены Аляксандр. Сёння, калі б не прымусовыя загоны, запужванні выбаршчыкаў, якія працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах і ў арганізацыях, нават галасаваць не шмат хто б прыйшоў. Унутранай жа «кухняй» выбарчых камісіяў цікавяцца толькі сапраўды неабыякавыя грамадзяне, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якіх у нашым грамадстве не так ужо і шмат. Ды і ад іх гэтыя выбаркамы ўсяляк хаваюцца.

Старшыня Акруговай выбарчай камісіі Алена ДЗЯРГАЧ і старшыня Калінкавіцкага раённага савета дэпутатаў Віктар ЗАМОСЦІК  не пускаюць Елісеева на паседжанне камісіі

А, калі выбары адбыліся не адкрыта і галосна, як тое прадпісваецца 65-ым артыкулам Канстытуцыі, лічыць Аляксандр, дык і ўлада, якой надзялілі ў іх выніку дэпутатаў, захоплена неканстытуцыйным шляхам.

«Адпаведна, калі гэтая ўлада захоплена неканстытуцыйным шляхам, грамадзяне краіны маюць поўнае права не падпарадкоўвацца такой уладзе, не фінансаваць яе існаванне праз сплату падаткаў ды іншых выплат», – сцвярджае выбаршчык, які не здолеў убачыць працэсу падрыхтоўкі і правядзення выбараў.  

«Зараз скончыліся так званыя парламентскія выбары. Парламент у нашай краіне амаль не вызначае накірункі яе развіцця, але і законы, якія ён прыме, нельга лічыць законамі. А ў наступным годзе ў Беларусі плануюцца выбары прэзідэнта. І, калі яны будуць адбывацца гэтак жа закрыта ад выбаршчыкаў, як і сёлетнія парламентскія, дык падапарадкоўвацца ўладзе, якая будзе ў такім выпадку захоплена неканстытуцыйным шляхам мы не мусім. А, паколькі такі захоп – гэта крымінальнае злачынства, дык усе, хто будзе спрыяць такому неканстытуцыйнаму захопу, фактычна будуць саўдзельнікамі крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 357 Крымінальнага кодэкса», – спрабуе данесці выбаршчык Аляксандр Елісееў з Калінкавічаў.