Амбасадар Францыі: «У Беларусі заўважная тэндэнцыя прыходу новых людзей ў палітыку праз экалогію»
Андрусь ГАЁВЫ
21.09.2019
Падчас свайго наведвання Гомельшчыны кіраўнік французскай дыпмісіі сустрэўся з праваабаронцамі і экаактывістамі ў Светлагорску.
Чаму Светлагорск?
Асноўная мэта візіту на Гомельшчыну амбасадара Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канэса – уручэнне гомельскай гімназіі № 46 адзнакі Label France Education за высокі ўзровень выкладання французскай мовы. Акрамя гэтага, як патлумачыў спадар амбасадар, яго цікавілі пытанні барацьбы з распаўсюдам ВІЧ-інфекцыі. Гомельшчына – самы праблемны ў гэтым сэнсе рэгіён у краіне, а Францыя – адзін з асноўных донараў Глабальнага фонду ў барацьбе са СНІД, гепатытам і сухотамі. Трэцяй тэмай, якая непакоіла пасла, стала тэма дэмакратычнасці выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі, якая адбываецца зараз у нашай краіне.
Светлагорск жа зацікавіў Дзідзье Канэса з тае нагоды, што гэта адзін з праблемных рэгіёнаў у плане колькасці ВІЧ-інфікаваных, а таксама горад з заўважнай грамадскай актыўнасцю, звязанай з абаронай грамадзянамі сваіх экалагічных правоў. Спадар амбасадар збольшага знаёмы з сітуацыяй, якая склалася вакол пабудаванага ў горадзе завода беленай цэлюлозы, але, як ён прызнаўся, ён хацеў бы атрымаць інфармацыю пра праблемы ад выкідаў завода ў жыхароў горада і магчымасці абараняць свае правы, з вуснаў тых, хто праяўляе актыўнасць у гэтым накірунку.
У двух сустрэчах, якія адбыліся ў горадзе, узяла ўдзел кіраўніца Светлагорскай філіі праваабарончага цэнтра «Вясна», каардынатарка ініцыятыўнай групы экаактывістаў Алена Маслюкова. Яна распавяла паслу пра агульную экалагічную сітуацыю ў горадзе і прылеглых населеных пунктах, пра тое, як гэта ўплывае на актыўнасць жыхароў і як яны могуць ажыццявіць сваё права на мірныя сходы, прадугледжанае міжнароднымі дакументамі аб правах чалавека.
Правы чалавека
На жаль, светлагорскія ўлады не надта спрыяюць і захаванню права людзей на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, і стварэнню магчымасцяў ім абараняць свае правы. Адзінае дазволенае месца для правядзення мірных сходаў у горадзе – стадыён «Бумажник», размешчаны ў лясной зоне, куды рэдка трапляюць жыхары горада. Спадар пасол Францыі здзівіўся: які сэнс пратэставаць там, дзе ніхто гэтага не ўбачыць? Але нават тут, нават пасля ўвядзення ў нацыянальным законе «Аб масавых мерапрыемствах» так званага паведамляльнага прынцыпу пры арганізацыі масавага мерапрыемства (да якіх улады Беларусі адносяць нават адзіночныя пікеты) ў дазволеных месцах, правесці там хаця б адзін пікет ці мітынг светлагорскім экаактывістам яшчэ не ўдалося – там абавязкова ці то зараней запланаваны футбольны матч, ці то проста трэнаванне дзіцячай футбольнай секцыі.
Светлагорскія праваабаронцы спрабавалі бараніць сваё права на мірныя сходы ў судзе. Яны прадстаўлялі суду сведчанні, што ў час, на які планаваліся забароненыя ўладамі з нагоды «занятасці» месца мірныя сходы, на стадыёне нічога не адбывалася і нікога не было бачна. Але прадстаўнікі райвыканкама сцвярджалі, што дзеці, з-за трэнавання якіх нібыта немагчыма было праводзіць мітынгі, займаліся ў памяшканні, размешчаным на стадыёне. І суд лічыў такія довады слушнымі і адмаўляў грамадскім актывістам і праваабаронцам у іхнім пазове. Абараніць сваё права на нацыянальным узроўні так і не атрымалася. Таму скарга пра парушэнне цяпер накіраваная ў Камітэт ААН пра правах чалавека. Пра гэта распавяла юрыстка светлагорскага аддзялення ПЦ «Вясна» Паўліна Заранкова.
Выбары
Спадар пасол акцэнтаваў увагу на тым, што еўрапейская і міжнародная супольнасць спрабуе падштурхнуць Беларусь да дэмакратызацыі выбарчага працэсу. На пытанне пасла пра тое, як ідзе падрыхтоўка да выбараў у рэгіёне, Алена Маслюкова распавяла, што ў Светлагорску прынятае дастаткова моцна лібералізаванае ў параўнанні з папярэднімі парламенцкімі выбарамі рашэнне райвыканкама, якім вызначаныя месцы, дзе нельга праводзіць пікетаванне з мэтай збору подпісаў за вылучэнне кандыдатамі на дэпутатаў. У склад АВК уключаная адна прадстаўніца апазіцыйнай уладзе партыі левых «Справядлівы Свет», камуністычнай скіраванасці. Пакуль нейкіх істотных інцыдэнтаў, якія б перашкаджалі прэтэндэнтам на кандыдатаў дэмакратычна збіраць подпісы, у горадзе і раёне не адзначана. І ўдзел палітычных сілаў у кампаніі дастаткова актыўны. Але ці паўплываюць адзначаныя змены на агульную дэмакратызацыю і празрыстасць самога выбарчага працэсу, сцвярджаць пакуль немагчыма.
Дзідзье Канэс падзяліўся сваімі ўражаннямі ад таго, што ён бачыць у аганізацыі сёлетняй выбарчай кампаніі. Ён прысутнічаў у Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года і мясцовых выбарах 2017 года ў якасці міжнароднага назіральніка ад місіі АБСЕ, працуючы тады дарадцам місіі гэтай арганізацыі. Ён адзначыў, што ад 2006 і да 2017 года аніякага істотнага прагрэсу ў справе адкрытасці, празрыстасці і дэмакратычнасці выбараў ён не ўбачыў. Не бачыць ён яго і цяпер. Нягледзячы на некаторыя вонкавыя паслабленні, якія не могуць паўплываць на вынік, рабіць такую выснову, як паведаміў пасол Францыі, яму дазваляе этап фармавання тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісіяў, у якія амаль не ўключылі прадстаўнікоў апаіцыйных уладам палітычных сілаў. У краіне захоўваецца незразумелая жыхарам сталых дэмакратыяў працэдура датэрміновага галасавання, калі выбарчая скрынка стаіць амаль тыдзень на працягу дастаткова працяглага часу недасяжная назіральнікам. Акрамя таго, ён ведае пра заяву старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай аб тым, што і сёлета падчас падліку галасоў бюлетэні не будуць дэманстравацца назіральнікам. А гэта галоўнае, чаго дамагаюцца міжнародныя арганізацыі ад Беларусі, і без чаго немагчыма лічыць выбары дэмакратычнымі.
У гэтай сувязі спадар пасол распавёў, як адбываецца падлік галасоў на выбарах ва Францыі. Там вакол стала сядаюць чатыры чальцы камісіі. Са скрыні выцягваюць бюлетэні, прычым яны там знаходзяцца ў адмысловых канвертах. Колькасць выцягнутых са скрыні бюлетэняў спраўджваецца з колькасцю подпісаў выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні, у адпаведным рэестры. Пасля адзін чалец камісіі раскрывае канверт, выцягвае і перадае бюлетэнь другому, той паказвае разгонуты бюлетэнь усім прысутным у зале і голасна абвяшчае прозвішча таго, за каго стаіць пазнака ў бюлетэні. Двое іншых чальцоў камісіі лічаць колькасць бюлетэняў за таго, альбо іншага кандыдата і праз кожныя 10 галасоў абвяшчаюць уголас колькі на гэты момант набраў кожны з кандыдатаў. Пры гэтым у залу на падлік галасоў можа прыйсці любы выбаршчык, а не толькі акрэдытаваныя назіральнікі. Аніякага датэрміновага галасавання ва Францыі няма. Таму, у параўнанні з французскімі, выбары ў Беларусі ў цяперашнім іх выглядзе вельмі цяжка прызнаць дэмакратычнымі, бо надта шмат падчас іх правядзення магчымасцяў для фальсіфікацыяў і грамадскасць не можа кантраляваць працэс.
Экалогія
Інжынер-хімік з больш як дваццацігадовым стажам працы на хімічных прадпрыемствах Светлагорска Вадзім Болбас раскрыў храналогію змагання супраць шкоднага завода беленай цэлюлозы ў горадзе – ад першага грамадскага абмеркавання намеру яго пабудовы і да цяперашніх штонядзельных акцыяў па кармленні галубоў на цэнтральнай плошчы і ліставанні з дзяржаўнымі органамі.
Алена Маслюкова звярнула ўвагу амасадара на тое, што такое стаўленне да экалогіі горада ў ягонага кіраўніцтва таму, што яно не абіраецца жыхарамі, а прызначаецца непасрэдна самім Лукашэнкам. Найчасцей на пасады старшыняў райвыканкамаў прыходзяць людзі з іншых рэгіёнаў, робяць тут кар’еру, найбольш хвалюючыся не за цікавасці жыхароў, а за тое, каб добра выглядаць у вачах прэзідэнта, а потым сыходзяць на падвышэнне ў іншыя гарады. Гэта часовыя людзі і Светлагорск для іх чужы.
Пра тое, што Светлагорск – не толькі адзін з самых экалагічна неспрыяльных гарадоў краіны, але і самы экалагічна небяспечны, распавяла актывістка ініцыятыўнай групы змагароў супраць ЗБЦ Ганна Сомава – былая доктарка мясцовага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. Яна падкрэсліла, што ў Светлагорску ажно тры прадпрыемствы першага класу экалагічнай небяспекі. Ганна Сомава таксама адказала на пытанні спадара пасла адносна сітуацыі з ВІЧ і СНІДам у Светлагорску.
Яшчэ адзін актывіст ініцыятыўнай групы Анатоль Змітровіч звярнуў увагу на тое, што ўжо амаль 2 гады завод выкідае ў паветра гораду адно з самых небяспечных рэчываў, а на яго выкід няма ні дазволу, ні методыкі вымярэння, ні прыладаў для вымярэння, ды і гранічна-дапушчальныя канцэнтрацыі пакуль аспрэчваюцца. А дзяржаўныя органы пры гэтым не прыймаюць аніякіх захадаў да спынення фактычнага злачынства, лічачы гэтыя выкіды часовымі хібамі падчас пуска-наладачных работаў.
Адзін з самых актыўных сябраў ініцыятыўнай групы па барацьбе за спрыяльную экалогію Андрэй Смалянчук распавёў спадару амбасадару сваю гісторыю. Ён увайшоў у ініцыятыўную групу з намерам змагацца толькі за чыстае паветра ў горадзе. Але з цягам часу ён зразумеў, што з існай сістэмай дзяржкіраўніцтва, нечага дамагчыся папросту нерэальна. Андрэй Смалянчук прыйшоў да высновы, што трэба мяняць сістэму дзяржаўнага кіравання. І менавіта гэтая выснова падштурхнула яго да таго, што ён мае намер балатавацца на дэпутата Палаты прадстаўнікоў.
Дзідзье Канэс пагадзіўся, што многія экалагічныя праблемы нельга вырашыць без палітычнага ўплыву. Ён адзначыў, што, знаходзячыся на пасадзе амбасадара Францыі, ён заўважыў тэндэнцыю, якая мае месца ў Беларусі: у палітыку прыходзяць новыя людзі, але прыходзяць яны туды з грамадскіх арганізацыяў, якія займаюцца вырашэннем экалагічных праблемаў.
«У Беларусі заўважная тэндэнтцыя, што ў палітыку прыходзяць новыя людзі, але прыходзяць яны туды праз актыўнасць у абароне экалагічных правоў. Шэраговыя грамадзяне, якія баяцца наступстваў удзелу ў палітычным жыцці краіны, не асацыююць змаганне за чыстую экалогію з палітыкай, і таму больш ахвотна далучаюцца да змагання за экалагічныя правы. Але з цягам часу гэтыя людзі прыходзяць да разумення, што без палітычнай дзейнасці, немагчыма дамагчыся ад уладаў выканання экалагічных правоў грамадзян. І гэта штурхае экалагічных актывістаў у актыўнае палітычнае жыццё»,
– падкрэсліў пасол Французскай Рэспублікі.