У Мазыры вынесены прысуд калінкавіцкаму блогеру Віталю Манько
Андрусь ГАЁВЫ
24.09.2019
19 верасня старшыня Суда Мазырскага раёна Анатоль Стрэльчанка абвясціў прысуд відэаблогеру з Калінкавічаў Віталю Манько, якога абвінавачвалі ў стварэнні фінансавай піраміды.
Віталь Манько перад пачаткам судовага паседжання. Скрыншот са стрыму на ягоным ют'юб-канале
Як паведаміў актывіст з Калінкавічаў Аляксандр Елісееў, які прысутнічаў на пасяджэнні суда, на якім абвяшчаўся прысуд, напачатку суддзя Анатоль Стрэльчанка запытаўся ў падсуднага, ці патрэбна зачытваць матывацыйную частку прысуду. Віталь Манько адмовіўся ад гэтага.
Зачытванне рэзалюцыйнай часткі прысуду заняло каля 20 хвілін. Мікрафон у зале суда пры гэтым не працаваў і чутнасць была вельмі кепская. Многія з прысутных у зале амаль нічога не чулі. Сын Віталя Манько – Матвей, вёў стрым на ют’юб-канал Віталя, але нешта пачуць з таго, што прамаўляў суддзя, было немагчыма.
Тым не менш, у выніку суд прызнаў Віталя Манько вінаватым паводле часткі 3 артыкула 209 (махлярства ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса. Паводле часткі 3 артыкула 233 (незаконная прадпрыймальніцкая дзейнасць) віну Манько прызналі недаказанай.
Падчас абвяшчэння прысуду. Скрыншот са стрыму на ют'юб-канале Віталя Манько
Суд прызначыў Віталю Манько пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 4 гады з утрыманнем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд пакуль не набыў законнай сілы і можа быць абскарджаны.
Суд у гэтай справе доўжыўся амаль паўгода – з 25 красавіка. Разам з Манько ў справе праходзілі яшчэ некалькі абвінавачаных паводле часткі 3 артыкулу 233 і часткі 1 артыкулу 427 КК. У адрозненне ад Віталя, які ўвесь гэты час знаходзіўся ў Гомельскім СІЗА, іншыя абвінавачаныя не былі зняволеныя і знаходзіліся пад падпіскай аб нявыездзе. Усіх іх суддзя вызваліў ад крымінальнай адказнасці. Пакаранне прызначана толькі Віталю Манько.
Віталь Манько вядомы сваім відэаблогам, у якім ён выкрываў злоўжыванні міліцыі, дапамагаў людзям дамагацца справядлівасці. У чэрвені мінулага года яго арыштавалі паводле падазрэнняў у фінансавым махлярстве. Манько зняволілі ў Гомельскі СІЗА, дзе ён на знак пратэсту супраць невыканання правоў абвінавачанага працяглы час трымаў галадоўку. На паседжанні суда, якое адбывалася 1 жніўня, Віталь Манько заявіў пра катаванні ў СІЗА і запатрабаваў змены меры стрымання. Але суд пакінуў Манько за кратамі. Сваякі і знаёмыя Віталя адпрэчваюць абвінавачванні ў стварэнні фінансавай піраміды «Элеўрус», за якое ён цяпер пакараны.