«Хочуць зрабіць як ва Украіне» — Ідэолаг «Мазырсолі» на сходзе палохала «Зубром» і Статкевічам
Палеская Вясна
17.09.2019
На сходзе ў адным з цэхаў ААТ «Мазырсоль» намесніца гендырэктара прадпрыемства па ідэалогіі і сацыяльным развіцьці Анжэла Крысця распавядала пра апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча і арганізацыю «Зубар». Аўдыёзапіс яе выступу трапіў на Telegram-канал NEXTA. На ім чуваць, як жаночы голас кажа, што Статкевіч, які прыяжджае з Польшчы з чамаданамі грошай, і «нацыяналісты з «Зубра» «хочуць зрабіць як ва Ўкраіне».
Анжэла КРЫСЦЯ. Фота: mozyrsalt.by
Анжэла Крысця сказала карэспандэнту Свабоды, што чытае канал NEXTA і што аўтар канала «павыразаў і зрабіў так, як хоча, вырваў з кантэксту тое, што захацелася».
«Як прыгожа ўсё выскубнута і перарэзана. Тэхналогіі, бог з ім. Ён хоча папіярыцца, калі ласка», — кажа намесніца гендырэктара.
Яна кажа, што на сходзе вялася гаворка пра вылучэнне кандыдатаў у сябры выбаркамаў. Анжэла Крысця распавяла таксама пра ўсе ініцыятыўныя групы і патэнцыйных кандыдатаў.
«Але я апраўдвацца і ніякіх камэнтароў даваць не буду. У мяне ёсць свая пазіцыя. Я расказала пра пяць зарэгістраваных ініцыятыўных групаў кандыдатаў, якія будуць зьбіраць подпісы. Я прасіла прааналізаваць, за каго людзі будуць галасаваць. Я сказала, што не разумею, калі чалавеку 22 гады і ён хоча вучыць жыць. Але на пытанні, якія яму задаюць, ён увесь час кажа, што на іх адкажуць сябры ініцыятыўнай групы. Калі ты балатуешся ў дэпутаты, то ты павінен расказаць сваю пазіцыю. Потым гэты чалавек у асабістых гутарках з іншымі людзьмі кажа, што гэта яго шанец паехаць у Польшчу», — сказала Анжэла Крысьця.
Паводле Анжэлы Крысці, яна мае на ўвазе кандыдата, які працуе на «Мазырміжрайгазе». Ягонае імя яна называць адмовілася.
Пры чым тут Статкевіч і «Зубр»?
«Я сказала, што сябрам адной з ініцыятыўных групаў з'яўляецца Статкевіч, які актывізуе сваю працу. Мы яго чамусьці ня бачым у Беларусі ў той час, калі не праходзяць парламенцкія ці прэзідэнцкія выбары. Чаму гэты чалавек не працуе і не даказвае справай? А пра „Зубра“ я цудоўна ведаю, што як такой гэтай арганізацыі няма. Я ня супраць беларускай мовы і таксама нашу вышыванку, хаця беларускіх каранёў у мяне няма, але ў маіх дзяцей ёсць, у іх бабуля з Беларусі».
Што значыць «як ва Украіне»?
«Я казала пра тое, што можа ўзнікнуць сітуацыя, якая ўзнікла ва Украіне. Бо некаторыя апазіцыйныя людзі не прапануюць канструктыву, а хочуць толькі збурыць тое, што ёсць. Я прыехала з Малдовы. У Прыднястроўі я застала часы, калі нам падпальвалі дзверы. І стральбу ў Бэндэрах я таксама добра памятаю. У мяне муж па гэтым баку служыў у войску, стаяла частка Лебедзя, а з таго боку яго стрыечны брат. Мне не трэба распавядаць, што такое грамадзянская вайна і магчымасць палітычных дэбатаў», — кажа намесніца гендырэктара.
Анжэла Крысця даводзіць, што няма ніякай метадычкі для выступаў ідэолагаў пра выбары.
«Нас яшчэ адносна выбараў не збіралі ў горадзе, — кажа Анжэла Крысця. — Сваю думку я заўсёды выказваю адкрыта. Я цудоўна ведаю, дзе ў нас ёсць праблемы. І калі я не ведаю рашэньня гэтых праблем, я слухаю людзей, якія ведаюць рашэнне. Я выказала сваю думку. Ніхто мне гэтую думку не трансляваў, ні выканаўчыя ўлады, ні нейкія іншыя людзі».
«Яны спрабуюць змікшаваць эфэкт сустрэчы»
Мікола Статкевіч сказаў Свабодзе, што наведваў Мазыр, бо ён сябра ініцыятыўнай групы мясцовага жыхара Уладзіміра Неўмяржыцкага. Статкевіч уваходзіць ва ўсе 36 ініцыятыўных групаў, зарэгістраваных ад «Народнай грамады», і ўдзельнічае ў пікетах па Беларусі. Яны праходзяць пад лозунгамі «Лукашэнка павінен сысці», «Статкевіч — наш прэзідэнт», «Пакуль ты спаў, Лукашэнка радзіму прадаў».
Мікола Статкевіч
Тое, што ідэолягі пачынаюць пра яго гаварыць, Статкевіч зьвязвае з перадвыбарчай актыўнасцю.
«Улада напалохалася і не ведае, што рабіць. У тым жа Мазыры спрабавалі перашкодзіць пікетоўцам. Але пакуль улады гуляюць з Захадам у выбары, мы напоўніцу скарыстоўваем гэты месяц, калі можна ставіць пікеты без дазволу і ўзгаднення з уладамі. Я бачу, што людзям гэта трэба — падарыць крыху смеласьці, драйву і энэргіі. І калі я выступаю, я кажу ўсё як ёсьць, што адбываецца ў краіне і хто ў гэтым вінаваты. І ў гэтых маленькіх гарадах гэта будзе доўга абмяркоўвацца. Таму гэтая дама і ўзбударажылася. Яны спрабуюць змікшаваць гэты эфэкт сустрэчы».
Радыё Свабода