«Вясна Капяляна». У Рэчыцы правялі экскурсію памятнымі мясцінамі, звязанымі з акторам-земляком

Андрусь ГАЁВЫ 15.04.2019

Пяць пунктаў, што нейкім чынам былі звязаныя з жыццём вядомага савецкага артыста Яфіма Капяляна, які нарадзіўся і доўгі час жыў у Рэчыцы, прадставілі грамадскія актывісты.  Яны дбаюць пра адраджэнне ў горадзе памяці аб вядомым артысце.

Рэчыцкая актывістка кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Ласіца ўпершыню выступіла ў неўласцівай ёй раней ролі экскурсавода падчас Фэсту экскурсаводаў, што ладзіцца гэтымі днямі ў Беларусі. Яна падрыхтавала шэраг цікавых звестак, з дапамогай іншых гараджан адшукала месцы, якія могуць нагаваць пра жыццё Яфіма Капяляна ў Рэчыцы, і правяла цікавую экскурсію.

Пачалася экскурсія ад адзінага гарадскога кінатэатра «Беларусь», на якім некалькі гадоў таму ўлады ўсталявалі памятную дошку. Экскурсанты даведаліся пра пачатак жыццёвага і творчага шляху Капяляна. А пачынаў ён, дарэчы, мастаком у кінатэатры. Праўда не ў тым, на якім з’явілася памятная дошка ў ягоны гонар. Але пра гэта – на іншым пункце экскурсіі.

Ад кінатэатра  «Беларусь» група экскурсантаў рушыла на цяперашнюю вуліцу імя Карла Маркса, а ў гады нараджэння Яфіма Капяляна – Міхайлаўскую. Там некалі была родная хата сям’і Капялянаў, дзе гадаваўся юны Фіма. Але цяпер на месцы хаты і на тым самым адрасе – пяціпавярховік у некалькі пад’ездаў. Драўляны дом знеслі перад «Дажынкамі» ў 2006 годзе.

Але побач захаваўся такі самы дом, як той, у якім жылі Капяляны. Дзябёлая габрэйская хата, збудаваная ў пачатку мінулага стагоддзя, і цяпер служыць жылым домам. Тут экскурсанты даведаліся пра сям’ю актора, пра тое, якія панавалі традыцыі ў габрэйскай грамадзе горада.

Далей група пасунулася да месца, на якім калісьці знаходзілася працоўная вучэльня, дзе вучыўся будучы артыст. Зараз на месцы вучэльні – збанкрутавны малаказавод, і ў гарадскіх старажылаў існуе меркаванне, што асноўны корпус завода – як раз і пачаў будавацца на былых сценах вучэльні, абкладзеных цэглай. Потым ужо дабудоўвалі і надбудоўвалі другі паверх ды іншыя прыбудовы.

Чацвёртым пунктам экскурсіі стаў будынак як раз таго самага кінатэатра, у якім і пачынаў сваю працоўную біяграфію Яфім Капелян. Тады гэта быў кінатэатр імя Калініна – першая такога роду ўстанова ў горадзе. Капялян тут працаваў мастаком. Зараз у будынку месціцца раённы аддзел культуры, ідэалогіі і ў справах моладзі ды эколага-культурны цэнтр. Гэта адна з нешматлікіх камяніцаў пабудовы пачатку ХХ стагоддзя, якую атрымалася захаваць ў Рэчыцы. Пачынала свой лёс як паштова-тэлеграфная кантора, за саветамі стала кінатэатрам, а потым тут месцілася музычная школа.

Канцавым пунктам у экскурсіі сталі парэшткі былога парку, якія захаваліся на колішнім замчышчы. Цяпер тут так званы дзіцячы парк, дзе ўсталявана адна горка і некалькі фігурак. А ў часы маладосці Капяляна тут быў галоўны гарадскі парк з дзеючай танцпляцоўкай. Менавіта тут, паводле сведчанняў жывых яшчэ рэчыцкіх знаёмцаў артыста, любіў бавіць час малады хлопец Яфім Капялян.

Ужо значна пазней, калі Яфім жыў і працаваў у горадзе Ленінградзе (цяпер – Санкт-Пецярбург, Расія) і зрэдку прыязджаў да сваякоў у Рэчыцу, на гэтай танцпляцоўцы граў самадзейны эстрадны ансамбль з экзатычнай назвай «Віадук». Ягоны колішні кіраўнік Валерый Мельнікаў яшчэ і зараз спявае і грае на баяне ў калектыве «Жывіца». Ён прывёз на заканчэнне экскурсіі свой інструмент і праспяваў для ўдзельнікаў некалькі песень мінулых часоў.

Таццяна Ласіца

«Мы мяркуем зрабіць такія экскурсіі традыцыйнымі на штогадовы Фэст экскурсаводаў. Марым, каб памяць пра нашага земляка захоўвалася праз пакаленні. Вельмі ўсцешвае, што атрымліваецца ў гэтым плане супрацоўніцтва з уладамі. Напярэдадні нашай экскурсіі ў святле дамоўленасцяў, дасягнутых з уладамі, у кінатэатры «Беларусь» адбыўся кінапаказ-рэтраспектыва фільмаў з удзелам Яфіма Капяляна з віктарынай. Спадзяемся, што, усё ж, з’явіцца і інфармацыйны стэнд на вуліцы Яфіма Капяляна, што месціцца на ўскрайку горада», – падзялілася сваімі ўражаннямі і планамі вядоўца экскурсіі Таццяна Ласіца.