На кіраўніка аддзялення Руху за Свабоду ў Мазыры склалі ўжо чацвёрты пратакол за экстрэмізм
Андрусь ГАЁВЫ
28.03.2020
Супрацоўнікі
Мазырскага РАУС ніяк не могуць аформіць правапарушэнне, у якім
спрабуюць абвінаваціць актывіста.
Рыгор Крывіцкі
Кіраўнік мазырскага аддзялення Руху за Свабоду Рыгор Крывіцкі ўжо стаміўся ад
шматлікіх перапісванняў пратакола, у якім мясцовыя міліцыянты спрабуюць
абвінаваціць яго ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння,
прадугледжанага часткай 2 артыкула 17.11 Кодэкса аб адміністрацыйных
правапарушэннях.
Гэта распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у
рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне,
захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі
ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства. Пакаранне, якое можа пагражаць
Крывіцкаму за такое правапарушэнне – штраф ад 10 да 50 базавых вялічыняў альбо
арышт з канфіскацыяй прадмету правапарушэння і прыладаў, з дапамогай якіх яно
здзейснена, альбо без канфіскацыі.
Першы раз капітан міліцыі Сяргей Марціновіч прыйшоў да Рыгора Крывіцкага ў анкалагічны дыспансер,
дзе ён тады лекаваўся, яшчэ 10 лютага. Ён распавёў хвораму Крывіцкаму, што той
16 лістапада 2018 года зрабіў рэпост на сваю старонку ў Фэйсбуку запісу, дзе
ўзгадваецца арганізацыя анархісцкага руху, нібыта ўключаная ў лік экстрэмісцкіх.
Марціновіч склаў пратакол, а Крывіцкі падпісаў яго, бо не мог добра разабрацца,
што яму інкрымінуюць, з-за таго, што толькі прайшоў хваравітую працэдуру
біяпсіі. Калі самаадчуванне актывіста палепшылася, ён паспрабаваў разабрацца,
што ж яму ставяць у віну. Але ў копіі пратакола, пакінутай Крывіцкаму, ён не
здолеў нічога разабраць.
Літаральна на наступны дзень Марціновіч зноў завітаў да
Крывіцкага ў анкадыспансер з прапановай перапісаць пратакол, бо першы прыйшоўся
не даспадобы кіраўніцтву. Такое нахабства раззлавала Рыгора Крывіцкага і ён
адмовіўся адказваць на пытанні міліцыянта і падпісваць новы пратакол. 12
лютага, адразу пасля выпіскі з анкадыспансера, актывіст звярнуўся ў Мазырскі
РАУС, каб атрымаць чытэльную копію хаця б аднаго з пратаколаў. Але ў РАУСе
адказалі, што дашлюць на ягоную заяву пісьмовы адказ. 18 лютага Крывіцкі
артымаў ліст з РАУС, у якім паведамлялася, што матэрыялы адміністрацыйнай
справы накіраваныя ў суд і азнаёміцца з імі магчыма там.
Копія пратакола ад 10 лютага
Калі ж Крывіцкі наведаў Суд Мазырскага раёна, там яму
сказалі, што ягоная справа вернутая назад у РАУС на дапрацоўку. 3 сакавіка яму
даслалі копію пратакола ад 11 лютага, але і ў ёй немагчыма было нічога
разабраць. 12 сакавіка пошта прынесла Крывіцкаму яшчэ адзін – найноўшы, трэці
па ліку пратакол. Ён быў складзены 9 сакавіка і ў ім Крывіцкаму інкрымінуюць
тое самае.
А 26 сакавіка да Рыгора Крывіцкага зноў прыйшоў капітан міліцыі
Сяргей Марціновіч складаць пратакол аб экстрэмізме. Матываваў тым, што суд хвалюе,
ці не ўтрымліваюцца ў дзеяннях Крывіцкага матывы распальвання міжнацыянальнай
варажнечы. Праўда, цяпер ужо міліцыянта чамусьці надта цікавілі пытанні, ці
збіраецца Крывіцкі ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі па выбарах прэзідэнта, якая
мае адбыцца ў найбліжэйшыя месяцы. Участковы спрабаваў удакладніць у пенсіянера
у якой якасці ён збіраецца быць – назіральнікам ці прадстаўніком нейкага
кандыдата. Прычым, у пратаколе, які складаўся 26 сакавіка, стаіць дата складання - 27.03.
27 сакавіка Крывіцкі зноў наведаў Мазырскі РАУС з мэтай
азнаёміцца з матэрыяламі справы і зняць копіі. Але яму адмовілі, сказаўшы, што
азнаёміцца ён зможа ў судзе.
Копія пратакола, складзенага 26 сакавіка
Звяртае на сябе увагу той факт, што ў кожным новым
пратаколе змяняецца дата, калі Крывіцкі нешта размясціў на сваёй старонцы ў
Фэйсбуку. У пратаколе ад 10 лютага было напісана, што нешта, пра што немагчыма
прачытаць, Крывіцкі зрабіў 30 студзеня 2020 года (хаця, пры апытанні размова
ішла пра размешчаны 16 лістапада 2018 года у Фэйсбуку пост), у апошнім жа
пратаколе капітан Марціновіч ужо піша, што экстрэмісцкі пост Крывіцкі размясціў
10 лютага 2020 года.
Рыгор Крывіцкі накіраваў ужо другую заяву аб парушэннях з
боку супрацоўнікаў Мазырскага РАУС пракурору Мазырскага раёна. Першую заяву ад
яго не прынялі, спаслаўшыся на тое, што рашэнне будуць прымаць паводле вынікаў
разгляду справы ў судзе. 27 сакавіка Крывіцкі занёс у пракуратуру яшчэ адну
заяву, якую ўзялі, але не зарэгістравалі.
«Я
лічу, што такім чынам яны спадзяюцца выбіць мяне з маючай адбыцца прэзідэнцкай
выбарчай кампаніі. Знайшлі нейкі пост у Фэйсбуку, размешчаны 2 гады таму, і як
раз напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў узяліся неяк на мяне ціснуць. А дзе ж вы
былі 2 гады?», – гаворыць
Рыгор Крывіцкі.