Кіраўніка мазырскага аддзялення Руху за Свабоду Рыгора Крывіцкага падазраюць у экстрэмізме (ДАПОЎНЕНА)
Палеская Вясна
10.02.2020
10 лютага дамоў да кіраўніка Мазырскага аддзялення Руху за свабоду і прадстаўніка Беларускага нацыянальнага кангрэсу ў Мазыры і Калінкавічах Рыгора Крывіцкага прыходзіў участковы міліцыянт, каб апытаць яго нібыта пра размяшчэнне ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук экстрэмісцкага матэрыялу.
Рыгор КРЫВІЦКІ
Сам Рыгор Крывіцкі зараз знаходзіцца на лекаванні ў анкалагічным шпіталі ў Мазыры, таму падрабязнасцяў не ведае. З міліцыянтам размаўляла ягоная жонка, якая і паведаміла пра наведванне. Паводле яе словаў, міліцыянт паведаміў пра тое, што нібыта Рыгор Крывіцкі размесціў у Фэйсбуку нейкі экстрэмісцкі матэрыял.
У лякарню да Крывіцкага міліцыя пакуль не прыходзіла. Зараз высвятляюцца падрабязнасці. Невядома, які матэрыял, з размешчаных Крывіцкім у Фэйсбуку, маглі палічыць экстрэмісцкім.
Як паведаміў Палескай Вясне Рыгор Крывіцкі, у другой палове дня 10 лютага да яго ў анкалагічны дыспансер усё ж прыйшоў капітан міліцыі Сяргей Марціновіч, каб апытаць яго і скласці пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Як аказалася, нагодай для гэтага стаў рэпост, зроблены Крывіцкім 16 лістапада 2018 года, у якім узгадваецца адна з арганізацыяў анархсцкага руху.
"Я не памятаю гэты пост, і не знаёмы ні з тымі людзьмі, якія там узгадваюцца, ні з арганізацыяй, так і сказаў у тлумачэнні", - распавёў Рыгор Крывіцкі.
Таксама актывіст паведаміў, што запытаўся ў міліцыянта, чаму трэба было прыходзіць аж у лякарню, няўжо нельга было пачакаць, пакуль хворы чалавек вылекуецца? "У нас з такімі справамі ніхто не дазволіць чакаць!" - адказаў участковы міліцыянт.
Праўда, складзены Марціновічам 10 лютага пратакол кіраўніцтва павярнула, таму 11 лютага ён зноў прыходзіў у анкадыспансер да Крывіцкага, каб перапісаць пратакол. Крывіцкі амовіўся падпісваць новы пратакол і атрымліваць ягоную копію.