Рашэнні мясцовых
выканкамаў, якімі вызначылі месцы, забароненыя для пікетаў па зборы подпісаў за
вылучэнне кандыдатамі на прэзідэнта, зрабіліся больш дэмакратычнымі ў
параўнанні з мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі. Але ўлады па-ранейшаму
адгарадзілі сябе ад зборшчыкаў подпісаў 50-мятровай адлегласцю.
Раней практычна ва ўсіх рашэннях у спісах месцаў, дзе
забаронена праводзіць збор подпісаў за кандыдатаў, былі 50-мятровыя тэрыторыі
вакол сельсаветаў, вузлоў паштовай і электрасувязі, установаў адукацыі, прадпрыемстваў
вода- цепла- і энергазабеспячэння, рэдакцыяў мясцовых газетаў, тэле- і
радыёстудыяў і нават вышак мабільных аператараў. Цяпер тут збіраць подпісы
можна.
А нельга практычна ва ўсіх раёнах бліжэй, як за 50 метраў
ад будынкаў райвыканкамаў, раённых судоў, пракуратураў і аддзелаў унутраных
справаў. У Калінкавічах, Хойніках, Рэчыцы і Светлагорску таксама на тэрыторыях
раённых лякарняў.
Рэчыцкія ўлады забаранілі збор подпісаў яшчэ і бліжэй як
за 50 метраў ад вайсковай часткі інжынерных войскаў на ўскрайку горада і
часткі, дзе размешчаная рота ўнутраных войскаў. Таксама ў Рэчыцы і Светлагорску
забароненыя пікеты на тэрыторыях чыгуначных станцыяў Рэчыца і
Светлагорск-на-Бярэзіне і адпаведных аўтастанцыяў ў райцэнтрах. У Мазыры нельга
ставіць пікеты на аўтавакзале.
Але найбольш актыўнасці збіральнікаў подпісаў баяцца
ўлады Светлагорска. Тут з месцаў, дзе можна паставіць пікет і збіраць подпісы
за таго ці іншага кандыдата, у дадатак да ўсяго, што і ў іншых раёнах, вывелі
тэрыторыю ўсёй цэнтральнай плошчы, абмежаваную вуліцамі 50 гадоў кастрычніка,
Леніна і Інтэрнацыянальнай.
Відавочна, кармленне галубоў, якое
штонядзелю адбываецца на плошчы, але без сцягоў і плакатаў, мясцовае кіраўніцтва
яшчэ трываць можа. А вось паўнавартасны пікет з сімволікай і заклікамі
падпісвацца – гэта вышэй уладнай вытрымкі і без таго знерваванага змаганнем супраць экаактывістаў старшыні райвыканкама Дзмітрыя Алейнікава і ягонай
каманды.