У Светлагорску «кормяць галубоў»
Андрусь ГАЁВЫ
11.05.2020
Штотыднёвая
акцыя прайшла 10 траўня на цэнтральнай плошчы Светлагорска без здарэнняў, але з
новымі ўдзельнікамі.
Распачыналіся сходы светлагорцаў на плошчы як выказванне
сваёй нязгоды з пабудовай і запускам у горадзе шкоднага завода беленай цэлюлозы.
Гэтае прадпрыемства, якое пачынала будаваць кітайская карпарацыя САМСЕ, але
скончвалі беларускія прадпрыемствы, на працягу некалькіх гадоў выкідвае ў
паветра Светлагорска небяспечныя рэчывы. Іх пах перыядычна адчуваеца і цяпер у
розных раёнах горада і прыгараднай вёскі Якімава Слабада. У многіх жыхароў
утрыманне метылмеркаптану ў паветры выклікала разлады здароўя.
Апошнім часам пачасціліся выкіды невядомага
парашкападобнага рэчыва. У ноч з 1 на 2 траўня такі выкід «накрыў» Светлагорск.
Бела-шэры налёт з’явіўся на аўтамабілях, што стаялі на вуліцы, яго і дагэтуль добра
бачна на розных цёмных паверхнях.
Менавіта з абмеркавання гэтага выкіду і пачалася сустрэча
жыхароў горада падчас кармлення галубоў 10 траўня. Каардынатарка ініцыятыўнай
групы за чыстае паветра ў Светлагорску Алена
Маслюкова паведаміла, што дзяржаўныя кантралюючыя органы адмаўляюцца рабіць
аналіз гэтага рэчыва. Таму, варта самім арганізаваць вывучэнне хімічнага складу
парашка, што сыплецца з неба ў Светлагорску. Яна звярнулася да тых, хто прыйшоў
на сустрэчу, з прапановай сабраць як мага больш гэтага рэчыва ды звязацца з ёй
праз сацыяльныя сеткі, каб перадаць яго на аналіз у адпаведную лабараторыю.
Варта заўважыць, што хваля рэпрэсіўных затрыманняў
жыхароў розных гарадоў краіны за ўдзел у мірных сходах, паклікала 10 траўня на
светлагорскую плошчу і новых удзельнікаў, якіх раней тут не бачылі. Усяго «карміць галубоў» на плошчы сабралася
каля паўтара дзясятка чалавек. Некаторыя былі з дзецьмі. Паступова размовы
перайшлі да сітуацыі з правамі чалавека. У прыватнасці людзі абмяркоўвалі сваё права
на свабоду слова і свабоду мірных сходаў у кантэксце карных захадаў улады за
тое, што жыхары іншых гарадоў выказвалі сваю пазіцыю ў відэа, якія здымаў зняволены
блогер Сяргей Ціханоўскі, што мае намер балатавацца на прэзідэнта краіны.
Магчымасць мірнай змены ўлады праз выбары таксама стала адной
з тэмаў, якія абмяркоўвалі людзі. Практычна ўсе выказвалі сумнеў у тым, што
вынікі маючых адбыцца выбараў прэзідэнта будуць аб’ектыўнымі.
Таксама падчас сустрэчы прагучала прапанова тым, хто мае
такую магчымасць, на валанцёрскіх пачатках паўдзельнічаць у пашыве ахоўнага
адзення для медыкаў. Для гэтага неабходна мець мінімальныя кравецкія навыкі і
адпаведную машынку. Гатовы раскрой ужо падрыхтаваны.
Каля гадзіны доўжылася сустрэча жыхароў гораду з «кармленнем
галубоў». Апошнія, дарэчы, з’елі кілаграм аўсяных шматкоў. Здалёку за сходам
назіраў супрацоўнік міліцыі і некалькі разоў побач праходзілі людзі ў
цывільным, якія пільна ўглядаліся ва ўдзельнікаў сустрэчы. У адрозненне ад
аналагічнай акцыі ў той жа дзень у Берасці, у Светлагорску ўлады нікога не
затрымлівалі.