У Калінкавічах пасля лінейкі ў гімназіі затрымалі маці і мастачку Марыну Міхееву
Палеская Вясна
01.09.2020
Жанчыну
абвінавацілі ў хуліганстве і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Марына Міхеева разам з
іншымі жыхарамі горада брала ўдзел у акцыях нязгодных са шматлікімі
фальсіфікацыямі выбараў і гвалтам праваахонікаў у дачыненні да мірных
пратэстоўцаў. На канцэрце, які жыхары Калінкавічаў арганізавалі 23 жніўня ў
гарадскім парку, Марына Міхеева выставіла вялікі партрэт Святланы Ціханоўскай,
які сама намалявала. За гэта на яе ўжо склалі пратакол паводле артыкула 23.34.
У апошнія дня Марына Міхеева ўдзельнічала ў складзе
ініцыятыўнай групы, якая збірае подпісы за арганізацыю сходу выбаршчыкаў у
пытанні адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Калінкавіцкай выбарчай
акругі.
На школьнай лінейцы 1 верасня, пасля яе сканчэння Марына
Міхеева сфатаграфавалася з узнятымі рукамі каля мікрафона, які застаўся стаяць
на ганку, калі ўсе пачалі разыходзіцца. Пасля гэтага да яе падыйшлі начальнік
Калінкавіцкага РАУС Дзяніс Кот і намеснік начальніка, начальнік міліцыі
грамадскай бяспекі Дзмітрый Воляк, а таксама некалькі супрацоўнікаў, якія
прапанавалі Марыне праехаць з імі.
«На лінейцы былі супрацоўнікі міліцыі,
якія асабліва пільна сачылі за мной, фіксуючы кожны крок. Калі я падыйшла да
мікрафона, каб проста сфатаграфавацца, яны, мабыць палічылі, што я буду нешта
казаць. Таму потым мяне затрымалі, прывезлі ў РАУС і апыталі. Мяне
абвінавачваюць у тым, што я ўчыніла хуліганства, падыйшоўшы да мікрафона, а
таксама ў правядзенні на школьнай лінейцы несанкцыянаванага масавага
мерапрыемства. Падчас лінейкі да мяне падыйшла мая знаёмая, якая ведае, што я
збіраю подпісы за адкліканне дэпутата, і папрасіла паставіць подпіс. Я дала ёй
тэчку з падпіснымі лістамі, дзе яна распісалася. Гэты эпізод наша міліцыя
кваліфікуе як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства», – распавяла
Марына Міхеева.
Марына МІХЕЕВА на ганку Калінкавіцкага РАУС.
Зараз яна на свабодзе, але на вечар мае позву ў міліцыю для
складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.