У Калінкавічах пачалі адміністрацыйны працэс супраць удзельнікаў Маршу вольнай Беларусі

Палеская Вясна 24.08.2020

23 жніўня ў Калінкавічах у межах правядзення Маршу вольнай Беларусі калона пратэстоўцаў прыйшла на афіцыйна дазволенае месца для правядзення масавых мерапрыемстваў у гарадскі парк і там зладзілі канцэрт.



Марш вольнай Беларусі ў Калінкавічах пачаўся ад цэнтра горада – круглай плошчы на скрыжаванні асноўных транспартных артэрыяў, дзе людзі збіраюцца штовечар.


 Потым калона рушыла праз цэнтральную плошчу горада і прыйшла ў гарадскі парк культуры і адпачынку, дзе адпаведным рашэннем вызначана пляцоўка для правядзення масавых мерапрыемстваў.
Там са сцэны быў зачытаны тэкст чарговага звароту да мясцовых уладаў, пад якім арганізавалі збор подпісаў. Пасля адбыўся канцэрт, падчас якога ўдзельнікі маршу незалежна ад узросту выконвалі самыя розныя кампазіцыі.









24 жніўня стала вядома, што двух удзельнікаў маршу ў Калінкавічах выклікалі ў міліцыю. Гэта Мікалай Міхееў і Валерый Герын. У дачыненні да іх распачалі адміністрацыйны працэс паводле артыкула 23.34 (Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).