Следчыя ў Мазыры дагэтуль не вызначылі, хто здзейсніў налёт на кватэру маці фермера і зламаў ёй пальцы

Палеская Вясна 27.08.2020

Праверка паводле заявы Тамары Венгура, маці фермера Аляксандра Венгуры з вёскі Прудок Мазырскага раёна, якая пацярпела 4 чэрвеня падчас уварвання ў яе кватэру групы ў цывільным, якая прадставілася міліцыяй, усё яшчэ працягваецца.

 

26 жніўня Тамару Венгуру выклікалі ў следчы камітэт, дзе ў чарговы раз апытвалі. Раней ёй дасылалі паведамленні аб працягу праверкі паводле яе заявы аб нанясенні цялесных пашкоджанняў спачатку да месяца, а потым да трох месяцаў.

За гэты час была праведзеная судова-медычная экспертыза, якая прызнала цялесныя пашкоджанні, якія Тамара Венгура атрымала падчас пературсу ў сваёй кватэры, менш цяжкімі.

Зараз матэрыялы перададзеныя іншай супрацоўніцы Мазырскага раённага аддзела следчага камітэту. Яна, як паведаміла Палескай Вясне Тамара Венгура, прызначыла новую экспертызу. Цяпер эксперту патрэбна будзе адказаць на пытанне ці не магла Тамара Венгура зрабіць сабе траўмы сама ў нейкіх побытавых абставінах.

«Я думаю, што добра яны ведаюць, хто мяне тузануў за руку так, што зламаў пальцы. Ён хоць і быў у масцы, але ў яго дастаткова выразная фігура і пазнаць яго праблемаў не склала б. Тым больш, праваахоўным органам павінна быць вядома, якое падраздзяленне выконвала той загад, калі ўрываліся ў маю кватэру, і хто канкрэтна ў гэтым удзельнічаў. Відаць, рука руку мое і не хочуць прыцягваць да адказнасці міліцыянтаў», – пракаментавала хаду праверкі Тамара Венгура.


Паводле інфармацыі, якую Палеская Вясна атрымала ад крыніцы ў Мазырскім РАУС, пошукамі грамадзяніна Расіі і адміністратара старонак «Страна для жизни» ў сацыяльных сетках Дзмітрыя Папова у вёсцы Прудок, калі адбыўся і ператрус у кватэры Тамары Венгуры, займаліся менавіта супрацоўнікі Мазырскага РАУС.

4 чэрвеня ў кватэру Тамары Венгуры ўварваліся некалькі мужчынаў у цывільным адзенні, якія назваліся міліцыяй, але ніякіх дакументаў не прад’явілі. Яны абшукалі кватэру. Пры гэтым, калі Тамара Венгура запыталася ў першага, хто ўвайшоў, на падствае чаго яны збіраюцца нешта рабіць у яе жытле, той моцна тузануў яе за руку. У выніку быў вырваны пазногаць, а пазней высветлілася, што ў Тамары Венгуры зламаныя два пальцы. Таксама падчас уварвання напужалі настаўленым пісталетам дзесяцігадовую ўнучку, якая спала ў адным з пакояў. 5 чэрвеня Тамара Венгура напісала заяву ў следчы камітэт аб прыцягненні да адказнасці таго, хто зламаў ёй пальцы.