«Зламалі руку, на дзіця наставілі пісталет». Як адбываўся налёт людзей у цывільным на кватэру маці фермера Вянгуры
Андрусь ГАЁВЫ
11.06.2020
5 траўня на
канале «Страна для жизни», які
стварыў Сяргей Ціханоўскі, цяпер арыштаваны і прызнаны палітвязнем блогер,
выйшаў ролік, дзе жыхар вёскі Прудок Мазырскага раёна фермер Аляксандр Вянгура
распавёў пра тыя цяжкасці, з якімі ён сутыкнуўся, вырашыўшы заняцца фермерскай
гаспадаркай. А 4 чэрвеня спачатку ў дом самога фермера, а потым і ў дом ягонай
маці ўварваліся невядомыя людзі ў цывільным адзенні, правялі агляд і ў выніку
фермер быў затрыманы. Маці Аляксандра Вянгуры – Тамара Фёдараўна распавяла
Палескай Вясне пра жудасную ноч з 3 на 4 чэрвеня і наступныя дні.
З Тамарай Фёдараўнай мы сустрэліся ў Мазыры. Яна ездзіла
ў мясцовы аддзел Следчага камітэта, які праводзіць праверку па факце нанясення ёй
невядомымі людзьмі ў цывільным адзенні цялесных пашкоджанняў. Левая рука спадарыні
Тамары ў гіпсе па локаць. Дарогаю да Прудка яна распавядае, што яе сын разам
яшчэ з двума мазырскімі хлопцамі, якіх затрымалі 5 чэрвеня, і месца знаходжання
якіх сваякі не маглі даведацца больш за двое суткак, знайшоўся ўрэшце рэшт у Мінску у Цэнтры
ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна.
Аляксандр ВЯНГУРА. Скрын-шот з відэа Сяргея Ціханоўскага.
У панядзелак 8 чэрвеня сваякі паехалі туды, каб перадаць
перадачы, але так і не здолелі гэта зрабіць. Зраніцы ім сказалі, што Аляксандр Вянгура, Аляксандр Цуканаў і Дзяніс
Колас знаходзяцца ў ІЧУ, што побач з ЦІПам. Але прыём перадачаў у ІЧУ пачынаецца
толькі ад 14 гадзіны. Родзічы чакалі гэтага часу, а, калі ён надыйшоў і яны зноў
прыйшлі ў ІЧУ, ім адказалі, што хлопцаў перавялі ў ЦІП. У ЦІПе ж перадачы
прымалі толькі да 13-й гадзіны, акрамя таго, у дзень паступлення перадачы не
прымаюць. На наступны дзень родзічы зноў
паехалі з Мазыра ў Мінск у ЦІП. Значна спустошаныя перадачы (хаця, яны куплялі
ўсё, што звычайна прымаюць, але з перадачы выкінулі цукар, каву, сухую каўбасу),
усё ж, узялі. Таксама маці Аляксандра Вянгуры склала дамову з адвакатам. 10 чэрвеня ён мусіў сустрэцца з Аляксандрам у ЦІПе, але ўвечары паведаміў спадарыні
Тамары, што яго не пусцілі да падабароннага, спаслаўшыся на складаную эпідэміялагічную
сітуацыю. Не пусцілі адваката да Аляксандра Вянгуры і да моманту выхаду гэтай публікацыі.
Абставіны таго, што адбывалася ў Прудку, Тамара
распавядае ад парога сваёй кватэры ў двухкватэрным двухпавярховым тыпавым
панэльным доме. Уваход у кватэры з розных бакоў дома на першым паверсе, але
Тамара Фёдараўна жыве на другім.
«У гадзіну ночы я
чую – грукаюць у дзверы. Ды так неяк моцна! Я падыйшла, а яны адразу крычаць: “Адкрывай!
Міліцыя!” Я адмовілася адкрываць. Кажу: “Вы
бачылі колькі часу? Якая міліцыя? Я ніякую міліцыю не выклікала”. Яны тады
сыйшлі. А праз хвілін 15 зноў грукаюць. Я зноў падыйшла. Яны зноў загадваюць
адчыніць. Тады чую, мой Сашка за дзвярыма кажа: “Мама, гэта я!” Гэта яны
спецыяльна яго прывезлі, каб я адчыніла, бо ведаюць жа, што за сваё дзіця маці
будзе турбавацца», – распавядае Тамара Фёдараўна.
Яна кажа, што ніхто з іх не быў у нейкай форме – усе ў
цывільным адзенні.
«Першы ўвайшоў
адзін такі каранасты, мардаты амбал, паверх скураной курткі на ім была
бронекамізэлька. Сказаў, што будуць рабіць вобшук кватэры. Яшчэ чалавекі чатыры
стаялі ў калідорчыку. Я на гэтага амбала кажу: “Пакажы мне дакумент, калі
ласка, чаго і на якой падставе (рабіць вобшук) і працягнула да яго руку. А ён
гаворыць: “Убрала руку!” і мяне як тузануў за руку, штурхнуў мяне ў грудзі, і я
на гэтую тумбачку (упала), а ён бягом – і па лесвіцы».
З пальца ў Тамары Фёдараўны пабегла кроў. Адпачатку яна
падумала, што ёй выдралі пазногаць. Яна і Аляксандр Вянгура, а таксама тыя,
хто ўварваўся, пачалі ўзнімацца за гэтым першым чалавекам. З рукі бегла кроў,
капала на прыступкі. Спадарыня Тамара сказала сыну, каб ён сфатаграфаваў, што
адбываецца. Той узяў тэлефон малодшай 10-гадовай дачкі Каці, якая ў гэты час прачнулася
ў адным з пакояў, і зрабіў некалькі здымкаў ды аддаў тэлефон дачцэ. Тады адзін
з тых, хто ўварваўся, падскочыў па сходах і пабёг у бліжэйшы пакой.
«Дзверы былі
прычыненыя, а ён дзверы адчыніў, убачыў, што там нехта ляжыць, і вось так вось
на яе з пісталетам. Яна моцна спужалася. Потым адзін падскочыў і забраў у малой
тэлефон. Яна пішчала, крычала», – узгадвае спадарыня Тамара.
Тамара Фёдараўна кажа, што ўжо некалькі тыдняў унучка
Каця жыве ў яе, бо ў школу яе бацькі не выпраўлялі з-за небяспекі каронавірусу
і бабуля дапамагае фермеру і ягонай жонцы глядзець дзіця. Ад тае ночы яна ўжо некалькі
дзён водзіць Кацю лекаваць ад спуду.
Потым мужчыны, якія ўварваліся ў кватэру, пачалі
ператрасаць шафы, зазіраць у розныя месцы. Тамара Фёдараўна спытала, што ж яны
шукаюць. Ёй адказалі, што шукаюць злачынцу-крымінальніка, узброенага.
«Дык што, вы яго
знайшлі? Ён што на крылах з балкону паляцеў?!», – распавядае Тамара
Фёдараўна.
Аляксандр у гэты час ахінуў Кацю і спрабаваў яе супакоіць.
«А гэтыя яму кажуць: “Пайшлі з намі
па-добраму!”, а Сашка кажа: "Я нікуды не пайду". Я тады пачала крычаць: “Ты яго
нараджаў? Ты яго карміў? Ты яго выхоўваў? Ты яго адзяваў? Ты зараз знайшоў у
мяне каго забраць? Нікуды ён не пойдзе!” Той зноў: “Пойдзем з намі!” Я кажу: “Калі
ён зараз з вамі пойдзе, тут будзе ляжаць мой труп”»
Каля 4-й гадзіны
раніцы Тамара Фёдараўна патэлефанавала ў міліцыю. Але міліцыя тады так і не
прыехала. Праўда група мужчын у цывільным выйшлі на вуліцу, там крыху пастаялі
і сыйшлі. Потым патэлефанавала жонка Аляксандра і паведаміла, што ў іх у
хлеўчуку, дзе захоўваецца камбікорм і розныя прылады працы, знайшлі нейкую
торбу. І тады Тамара Фёдараўна і Аляксандр пайшлі дамоў да Аляксандра ў іншай частцы вёскі.
Там адзін з тых, хто быў у яе ў кватэры сказаў спадарыне
Тамары, што ў яе нешта з пальцам, і ён можа завезці яе ў лякарню. Тады ўжо было
9 гадзін раніцы. Адзін з тых, хто ажыццяўляў налёт, завёз Тамару ў прыёмнае
аддзяленне лякарні. Там ёй зрабілі здымак рукі. Калі яна выйшла з лякарні, ёй
патэлефанавалі і спыталі дзе яна. Яна ж збіралася ісці ў міліцыю пісаць заяву
на тое, што ёй нанесеныя пашкоджанні. Але яе забралі ўжо міліцыянты ў форме ад
лякарні і прывезлі дамоў. Там чакалі тры следчыя – маладая жанчына і два мужчыны.
Яны прад’явілі пасведчанні і ордэр на ператрус. У якасці панятых былі
старшыня сельсавета і сакратар.
«Я кажу: “У мяне там ноч штосьці шукалі, нічога не
знайшлі. Шукайце ўжо вы!” І яны пайшлі. У адным пакоі, у другім, у трэцім, усё
перагледзелі, ператрасалі бялізну ў шафах. Я сама смела адкрываю ўсё, дапамагаю
ім. Прыходзяць яны ў залу, тая дзяўчына зайшла на балкон, а тады вяртаецца: “О!
А што гэта за такі рукзачок?” А гэты рукзачок культурна стаіць каля канапы. Я
спачатку была падумала, што гэта рукзачок майго кватаранта – у мяне жыў
кватарант, хлопец з Калінкавічаў з жонкай разведзены, працаваў у нас на
комплексе, дапамагаў Сашу там па гаспадарцы ўпраўляцца, а тады як раз паехаў да
дзяцей ці куды. То я думала, што то яго. Мо пакуль мяне вазілі, дык ён прыехаў
ды паставіў. Яны тут жа яго вытрасаюць, адтуль вытрасаюцца нагавіцы, шкарпэткі,
майткі, майка і кашуля. Потым пашпарт, партманэ, у ім 53 рублі расійскія,
карткі нейкія і ўсякія паперкі. Я кажу: “А хто там такі? Вы ж пашпарт вытрусілі,
то пакажыце мне". Яны чытаюць мне: “Папоў Дзмітрый”. Па-бацьку не памятаю. З
Северадзвінска Архангельскай вобласці”. Яны гэта ўсё сфатаграфавалі, апісалі, у
скрыначку склалі, я распісалася, яны селі ды паехалі», – распавяла
Тамара Фёдараўна.
На наступны дзень Тамара Фёдараўна, усё ж, напісала заяву
наконт пашкоджанняў. Следчыя прыязджалі зноў да яе дамоў, узялі ўзоры крыві з
падлогі і аналіз у Тамары Фёдараўны. Потым яе адправілі да судмедэксперта, каб
той даў заключэнне аб цяжкасці траўмы.
«У мяне ж з лякарні была даведка, што
ў мяне пералома няма. А там жанчына-эксперт кажа: “Я як жанчына, як чалавек раю
вам пайсці ў паліклініку і зрабіць кантрольны здымак. Бо я бачу па вашых руках,
што ў вас будзе пералом, ці ў лепшым выпадку цяжкі парыў звязак”. У пятніцу
было ўжо позна, дык я ў панядзелак паехала ў паліклініку і мне зрабілі здымак.
І доктар кажа, што ў мяне падвоены пералом, дык наклалі гіпс», – кажа
жанчына.
Тамара Фёдараўна гаворыць, што ёй нават цяжка параўнаць з чымсьці тое, што
адбывалася ў яе кватэры ўночы на 4 чэрвеня.
«Ці то трыццаць сёмы год, ці нейкія
фашысты ў хату ўварваліся. Ці ж у іх саміх бацькоў няма? Дзяцей няма? Я не
ўяўляю, як так можна!», – абураецца спадарыня Тамара.