Сваякі не могуць знайсці арыштаваных у Мазыры актывістаў каманды Ціханоўскага
Палеская Вясна
06.06.2020
Як здолелі
высветліць сваякі затрыманых учора ў Мазыры Аляксандра Цуканава, Аляксандра
Вянгуры і Дзяніса Коласа, усе яны ўчора ж былі таемна асуджаныя да 15 сутак арышту
кожны за хуліганства і непадпарадкаванне міліцыі. Але іх месцазнаходжанне дагэтуль невядомае.
Сваякі фермера з вёскі Прудок Аляксандра Вянгуры
тэлефанавалі ў Мазырскі РАУС, у ІЧУ, у СІЗА ў Гомелі. Усюды ім сказалі, што там
такога няма.
З маці Аляксандра Цуканава, у кватэры якой сёння прайшоў
ператрус, звязацца цяпер не ўдаецца. Але ў першай палове дня месца знаходжання яе сына ёй было таксама
невядомае.
Жонцы Дзяніса Коласа ў Мазырскім РАУС паведамілі, што
той, магчыма знаходзіцца ў Мінску, у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на
Акрэсціна. Бацька Дзяніса збіраецца ехаць туды.
Пошукам затрыманых актывістаў акрамя сваякоў займаюцца праваабаронцы і мазырскія актывісты.