Палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк ізноў перавялі ў Зарэчанскую калонію
Жорж Кунцэвіч
08.01.2024
>
Муж Паліны Андрэй Шарэнда ў сваім Фэйсбуку паведаміў,
што на дадзены момант Паліна дакладна знаходзіцца ў калоніі №24 (Зарэчча,
Рэчыцкага раёна). Пра гэта ён даведаўся з адказу ад адміністрацыі калоніі.
У сваім каментары “Берасцейскай
вясне” Андрэй дадаў, што згодна з той жа паперай, на працягу года Паліна мае
права на 2 бандэролі або дробных пакеты, 3 кароткатэрміновыя спатканні і 3
доўгатэрміновыя, 4 пасылкі або перадачы, лісты і грашовыя пераводы без
абмежаванняў.
— Толькі вось выкананне такога права палітзняволенымі на
практыцы праблематычнае, як паказалі папярэднія тры гады зняволення, —
кажа Андрэй Шарэнда.
Нагадаем, што Паліну Шарэнда-Панасюк у 2021 годзе
асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі за тое, што падчас вобшуку ў яе кватэры яна
плюнула ў твар аднаму міліцыянту, з іншага сарвала маску, нібыта абражала іх ды
Лукашэнку. Але ў калоніі дадалі яшчэ год нібы за злоснае непадпарадкаванне
адміністрацыі. У 2023 годзе паўторна завялі справу за злоснае непадпарадкаванне
адміністрацыі і працягнулі тэрмін зняволення яшчэ на год.
Некаторы час палітзняволеную ўтрымлівалі ў Рэчыцкім ІЧУ.
На сённяшні дзень, да канца тэрміну Паліне засталося
паўгады.