Назіральнік пры райвыбаркаме ў Мазыры пасля агалошвання вынікаў праверкі подпісаў звярнуўся ў Генпракуратуру, КДБ, МУС і выбарчую камісію

Андрусь ГАЁВЫ 02.07.2020

Абурэнне назіральніка выклікалі нерэальна высокія лічбы прынятых подпісаў за адных патэнцыйных кандыдатаў і сумніўныя тэхналогіі збору за іншых, а таксама наступныя калізіі, калі ў цэлым па краіне выбарчыя камісіі прызналі дакладнымі больш подпісаў, чым самі некаторыя прэтэндэнты сабралі.


Уладзімір Целяпун

Назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» пры Мазырскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Уладзімір Целяпун вырашыў напісаць зварот у адразу тры галоўныя праваахоўныя органы краіны, каб звярнуць іх увагу на тое, што падчас прыёму і праверкі подпісаў адбываліся незаконныя абмежаванні і, магчыма, сур’ёзныя парушэнні. Пры гэтым саму працэдуру камісія старанна хавала ад назіральніка.

«На маю вусную прапанову дазволіць прасутнічаць пры працэдуры праверкі подпісаў у адной з груп ад старшыні камісіі Міхаіла Пашынскага мне было катэгарычна адмоўлена», – піша Уладзімр Целяпун у сваёй скарзе.

Палеская Вясна паведамляла, што ў Мазырскай РВК прынялі 4444 подпісаў за Сяргея Чэрачня і 3957 подпісаў за Андрэя Дзмітрыева. Пры гэтым, як адзначае Уладзімір Целяпун, у горадзе практычна не назіралася вялікай актыўнасці збіральнікаў подпісаў за гэтых прэтэндэнтаў. Гэта і выклікала значныя сумневы ў дакладнасці гэтых подпісаў.


Збор подпісаў за Андрэя Дзмітрыева ў Мазыры

«Не маючы ў горадзе і раёне структураў сваіх арганізацыяў, нязначную колькасьць членаў ініцыятыўнай групы (у межах да 10 чалавек), не праводзячы штодзённых пікетаў па зборы подпісаў, не гаворачы пра абыход кватэраў пад час пандэміі – сабраць больш за 4 (чатыры) тысячы подпісаў – задача невырашальная (з асабістага досведу каардынатара выбарчых кампаніяў з 2001 года)», – піша назіральнік.

Таксама Уладзімір Целяпун звяртае ўвагу, што на большасці падпісных лістоў, здадзеных за Сяргея Чэрачня і Андрэя Дзмітрыева імя, імя па бацьку і прозвішча тых, хто збіраў подпісы, загадзя ўдрукавана ў падпісны ліст, а не запаўнялася ад рукі.

Акцэнтуе ўвагу назіральнік і на тым, што ў горадзе не было пікетаў за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі, акрамя пікету ў перадапошні дзень перыяду збору подпісаў. 18 чэрвеня на плошчу імя Леніна ў Мазыры прывозілі аўтобусамі работнікаў розных прадпрыемстваў і арганізацыяў, іх групамі ад калектываў падводзілі да сталоў збіральнікаў подпісаў. Многія казалі збіральнікам, што ўжо падпісваліся на працы. А сам пікет больш нагадваў агітацыйны мітынг, які вяла супрацоўніца рэдакцыі раённай газеты Наталля Канопліч, з выступамі ідэалагічных супрацоўнікаў прадпрыемстваў і арганізацыяў і калектываў самадзейнасці.

«Гэта аплявуха ўсім сілавым ведамствам – КДБ, Пракуратуры, МУС. Як трэба быць ўпэўненымі ў няздольнасці і бяздзейнасці гэтых структураў, якія адказваюць за нацыянальную бяспеку краіны, каб так цынічна і нахабна адносіцца да Закона і Канстытуцыі краіны з боку тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, з боку ЦВК і прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду кіраўніка дзяржавы», – піша ў сваёй скарзе назіральнік.

Таксама Уладзімір Целяпун узгадвае свой досвед назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў 2010 годзе: «Некаторыя члены камісіі, якія прысутнічаюць і ў гэтым складзе Мазырскай раённай выбарчай камісіі, перапісалі тады свае акты (заключэнні) і падпісалі пратакол паседжання камісіі па сапраўднасці подпісаў за ўсіх  прэтэндэнтаў у кандыдаты, здаўшых падпісныя лісты ў камісію. Нават і тыя, хто здаў ксеракопіі падпісных лістоў у выбарчую камісію».

Ён нагадвае,што тады былі зарэгістраваныя кандыдатамі на прэзідэнта ўсе прэтэндэнты. А потым адбыліся сумныя падзеі 19 снежня.  «Зараз сітуацыя можа быць значна горшай. І ў гэтым будзе вашая доля ўдзелу», – нагадвае Уладзімір Целяпун чыноўнікам.

Мы папрсаілі назіральніка пракаментаваць, чаму ён вырашыў падаць такую досыць эмацыйную заяву ў праваахоўныя ведамствы.

«У 2010 годзе, калі ў Мазырскай камісіі рабіліся парушэнні, я не звярнуўся са скаргай, бо здавалася, што, раз зарэгістравалі ўсіх, то гэта досыць дэмакратычна. І дагэтуль не магу сабе гэта дараваць. Бо тое, што адбылося са мной пасля дня галасавання – 19 снежня 2010 года, цяжка забыць. Нягледзячы на тое, што я штодня прысутнічаў на паседжаннях, на галасаванні, пры здачы пратаколаў у раённую камісію, КДБ прызнаў мяне сведкам у справе падрыхтоўкі беспарадкаў у Мінску. Дома правялі ператрус, канфіскавалі кампутары і дыскі. Правялі допыт у КДБ. Я перанёс гіпертанічны крыз. Пасля 34 гадоў бездакорнай працы на заводзе “Беларуськабель” са мной не працягнулі кантракт. А колькіх людзей, якія былі абураныя абвешчанымі вынікамі выбараў і выйшлі ў Мінску на плошчу, папросту збілі, колькіх зняволілі?!  Зараз сітуацыя выглядае больш нахабна з боку выбарчых камісіяў усіх узроўняў, Людзей, асабліва тых, хто ў любое надвор’е стаяў у чэргах, на холадзе, пад дажджом, на пякучым сонцы, каб паставіць свой подпіс, правакуюць. Гэта можа выклікаць абурэнне людзей і сітуацыя пасля так званых выбараў, будзе больш крывавая і жорсткая. Мае заявы і скаргі - хутчэй за ўсё, спроба абараніцца ад таго гвалту і рэпрэсіяў, якія могуць адбыцца», – сказаў Уладзімір Целяпун.