У Нароўлі гамяльчанку абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці

Жорж Кунцэвіч 19.10.2023

>>

Стала вядома прозвішча жанчыны, супраць якой у Нароўлі ўзбудзілі крымінальную справу па падазрэнні ў у распальванні іншай сацыяльнай варожасці паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Гэта Наталля Маркушэнка.

Нагодай для крымінальнай справы стаў каментар жанчыны у Instagram наступнага зместу: “Белорусское руководство ничего не будет делать против РАШИСТОВ!!! Оно ж ими кормится!!!!”. Менавіта гэтую фразу палічылі «распальваючай варожасць, паведамляе “Гомельская вясна”.

Нагадаем, следчая Нараўлянскага РАСК Яна Дрэвіла паведаміла, штоў у красавіку 2022 года грамадзянка М., выкарыстоўваючы свой мабільны тэлефон, падпісалася на адзін з акаўнтаў сацыяльнай сеткі «Instagram», матэрыялы якой пастановай суда прызнаныя экстрэмісцкімі.

"З мэтай распальвання сацыяльнай варожасці або варожасці ў адносінах да расійскіх вайскоўцаў, яна наўмысна размясціла каментар у адкрытым доступе, адрасаваны неабмежаванаму колу асоб, у якім маецца негатыўная ацэнка групы асоб, звязаная з фарміраваннем у адрасата негатыўнага сацыяльнага стэрэатыпу", - паведаміла следчая.

Жанчыну ўзялі пад варту. Цяпер ёй можа пагражаць пакаранне ў выглядзе штрафу або арышту, або абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.