Улады вырашылі аднавіць вадасховішча ў Лоеўскім раёне, пра якое пісала Палеская Вясна
Палеская Вясна
06.02.2020
У Гомельскім аблвыканкаме прынялі рашэнне аб напаўненні Днепра-Брагінскага вадасховішча, з якога спусцілі ваду 4 гады таму.
Пра гэта БелТА паведаміў генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Гомельмеліавадгас» Васіль Бруневіч.
Васіль БРУНЕВІЧ. Фота: znk.by
Як паведамляецца, каб прыйсці да такога рашэння, улады правялі ўсебаковы аналіз сітуацыі ў рэгіёне, пралічылі і суаднеслі эканамічны і экалагічны складнікі. І вырашылі, што аднаўленне вадасховішча будзе садзейнічаць стварэнню спрыяльнага вільготна-паветранага рэжыму глебаў.
Урад даручыў Інстытуту прыродакарыстання Акадэміі навук выпрацаваць комплекс захадаў у паляпшэнні гідралагічнай сітуацыі ў Гомельскай вобласці. Прапанаваныя абвадненне, аблясенне, полеахоўнае лесаводства. Кіраўніцтву нарэшце стала зразумела, што стварэнне буйных вадасховішчаў можа павялічыць колькасць ападкаў увесну да 10%, а ўлетку – да 8%.
Згадваецца, што, калі Днепра-Брагінскае вадасховішча напоўніць вадой, дык плошча воднага люстэрка складзе 968 гектараў. Акрамя таго, гэта дазволіць напоўніць вадой меліяратыўныя каналы, што ў комплексе палепшыць мікраклімат, падвысіць узровень грунтовых водаў і прадуктыўнасць сельгаспалеткаў.
Названа, што для поўнага запаўнення вадасховішча патрэбна 42,8 мільёны кубаметраў вады. Каб запампаваць яе з Дняпра будзе нанова запушчаная пампавальная станцыя, на працу якой запатрабуецца 3 мільёны кілаватагадзінаў электрычнасці. Пампаваць мяркуецца ўночы, каб сэканоміць, бо ў начны час дзейнічаюць ільготныя тарыфы. Акрамя таго, дасягнутая дамова з энергетыкамі аб растэрміноўцы аплаты за скарыстаную электрычнасць пасля запаўнення вадасховішча.
Таксама ў рэгіёне мяркуецца нанова забалоціць выпрацаваныя тарфянікі. Найбліжэйшы праект у гэтым накірунку мяркуецца ажыццявіць у Калінкавіцкім і Хойніцкім раёнах, дзе плошча такіх тэрыторыяў мае скласці каля 6 тысячаў гектараў.
Нагадаем, што ў жніўні тэма знішчэння Лоеўскага вадасховішча ўзнімалася Палескай Вясной. Прыводзіліся абгрунтаванні неабходнасці аднаўлення гэтага гідралагічнага аб’екта.
Чытайце таксама: