Знішчэнне Лоеўскага вадасховішча: прыклад эканоміі ці безгаспадарчасці?
Мікалай АНІСАВЕЦ
21.08.2019
Знікненне вадасховішча можа быць адной з галоўных прычын засухаў і няўраджаяў на Лоеўшчыне
Лоеўскае (афіцыйная назва Днепра-Брагінскае) вадасховішча было ўведзена ў строй у 1987 г. і з'яўляецца адзіным гідралагічным аб'ектам такога тыпу ў Беларусі. Яго воды папаўняліся веснавымі павадкавымі водамі Дняпра і прызначаліся для арашэння і абваднення зямель у водазаборы прытокаў Дняпра Брагінкі, Песачанкі, Гасканавы, арашэння па меліярацыйных каналах у час засух угоддзяў Лоеўскага, Рэчыцкага, Брагінскага, Хойніцкага раёнаў, а таксама захавання мікраклімату рэгіёна, падтрымкі ўзроўню грунтовых вод і развядзення рыбы. Тагачасны кошт будаўніцтва вадасховішча склаў 13,7 млн. савецкіх рублёў(прыкладна 13 млн. даляраў ЗША).
Неабходнасць будаўніцтва вадасховішча і ўкладання вялікіх сродкаў была выклікана шэрагам прычын. Да правядзення татальнага асушэння балот Палесся ў 70-пачатку 80 гг. мінулага стагоддзя толькі ў Лоеўскім раёне існавала 4 116 гектараў балот, тады назіралася пэўная кліматычная цыклічнасць: дажджлівы год змяняўся засушлівым, затым ішоў год з умеранай колькасцю дажджоў, затым зноў дажджлівы і г.д. Пасля правядзення меліярацыі ў Лоеўскім раёне засталося толькі 73 гектары балот, знікла люстэрка паверхневых вод і выпаральнасць, пачаліся засухі і, як следства, падзенне ўзроўню грунтавых вод.
Акрамя таго, тут пераважаюць лёгкія пясчаныя глебы, якія здольныя даваць добры ўраджай толькі пры ўмове іх дастатковага ўвільгатнення. Ужо ў пачатку 80-х гадоў на неспрыяльныя тэндэнцыі, суправаджаючыя меліярацыю, звярнула ўвагу тагачаснае савецкае кіраўніцтва і прыняло рашэнне аб выдаткаванні вялікіх грашовых сродкаў для будаўніцтва вадасховішча.
Праектная плошча люстэрка вады ў вадасховішчы планавалася 968 гектараў, што складала чвэрць плошчы на той час асушаных балот. Гэты нятанны аб'ект закліканы быў забяспечыць падтрыманне нармальных кліматычных умоў для гаспадарчай жыццядзейнасці насельніцтва і расліннага свету рэгіёну. Ужо пасля ўвядзення вадасховішча ў строй у 1987 г. Лоеўскі раён атрымаў ўраджайнасць зерневых 34 цэнтнеры з гектару і на працягу канца 80-90 гг. меў ўраджайнасць 24 ц/га і больш.
Аднак, пачынаючы з 2016 г. з ініцыятывы кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама і ў прыватнасці тагачаснага старшыні аблвыканкама Уладзіміра Дворніка, фінансаванне работ па запаўненню вадасховішча вадой знялі, і з тых часоў вадасховішча не папаўняецца паводкавымі водамі Дняпра і памірае. У гэтыя гады ў аблвыканкама знайшліся вялікія сродкі на рамонт будынка аблвыканкама, рамонт Брагінскага райвыканкама, будаўніцтва прыбіральні на наберажнай Сажа ў Гомелі коштам амаль у 1 млн. рублёў і іншыя падобныя аб’екты, а вось на вадасховішча – грошы не выдаткоўваліся.
Зараз вадасховішча знаходзіцца на балансе дзяржаўнага КДУПМС «Лоеўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм», аднак штогод бюджэтных сродкаў для запаўнення яго вадой прадпрыемства не атрымлівае. У выніку вадасховішча памірае, а разам з ім памірае і эканоміка рэгіёна пераважна сельскагаспадарчай скіраванасці, бо ў Лоеўскім раёне балот амаль не засталося, няма чаму выпарацца з паверхні зямлі, няма дажджоў, кожны год – засушлівы. Ураджайнасць збожжавых знізілася да адзнакі 10 ц/га . Высыхаюць на корані травы, рэзка знізілася прадукцыйнасць кармавых угоддзяў, што адмоўна ўплывае на жывёлагадоўлю.
Сёння ўзровень грунтавых вод у рэгіёне на 2 метры ніжэйшы, чым у 1990-я гады, знікае вада ў вясковых калодзежах. Масава хварэюць і засыхаюць лясы, адбываецца апустыньванне рэгіёну. Сельская гаспадарка прылеглых раёнаў прыйшла ў дэпрэсіўны стан. Штогод марна ўкладваюцца вялікія сродкі ў насенне, апрацоўку глеб, догляд за пасевамі. І гэтыя выдаткі ў сумарным выражэнні ў разы больш, чым кошт напаўнення вадасховішча вадой. Паводле звестак Міністэрства сельскай гаспадаркі краіны кошт напаўнення вадасховішча вадой да мінімальнага подпорнага ўзроўню складае 500 тыс. беларускіх рублёў, а яго запаўненне да максімальнага падпорнага ўзроўню - 2 100 000 рублёў.
На новай пасадзе віцэ-прэм’ера ўрада, які курыруе пытанні развіцця сельскай і лясной гаспадаркі, а таксама экалогіі Уладзімір Дворнік, дарэчы, ураджэнец вёскі Ровенская Слабада Рэчыцкага раёна, працягвае, што называецца, «вешаць усім локшыну на вушы», сцвярджаючы, што засуха на Гомельшчыне ёсць выключна вынік сусветнага пацяплення і прапануе простае выйсце – змяніць культуры і структуру пасеваў. Але нават калі гэты рэгіён цалкам перайдзе на высяванне бахчавых і развядзенне цытрусавых культур і вінаграда, патрэбна вада , каб гэтыя культуры раслі. А дзе яе ўзяць? На гэтае пытанне у віцэ-прэм’ера Дворніка няма адказу. Зараз Днепра-Брагінскае вадасховішча страціла сваё першапачатковае прызначэнне і яго мэтазгодна перайменаваць у «эксперыментальны аб'ект імя У. Дворніка», бо краіна і народ павінны ведаць і памятаць такіх кіраўнікоў.
Якое ж выйсце з крызіснага становішча экалогіі і гаспадаркі рэгіёна існуе насамрэч? Неабходна неадкладна вярнуць рэгіён у той стан, у якім ён можа функцыянаваць у натуральных умовах. Патрэбна адшукаць сродкі ў бюджэце на рамонт выпускных шлюзаў і папаўненні водных запасаў вадасховішча за кошт павадкавых вод Дняпра 2020 года, а таксама неадкладна распрацаваць і ажыццявіць Дзяржаўную праграму па аднаўленню ў аптымальнай колькасці раней асушаных балот, для захавання мікраклімату рэгіёна і стварэнню неабходных умоў развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці. Але ці здольны цяперашнія кіраўнікі рэспублікі і вобласці адмовіцца ад валюнтарысцкай палітыкі ў развіцці гаспадаркі рэгіёна і эканоміі на ім? На гэты конт існуе вялікі сумнеў.