Не хочуць ачышчацца паводле ўказу! Грыбы з Калінкавіцкага раёну ўтрымліваюць цэзію ў 36 разоў больш за норму
Палеская Вясна
21.12.2019
15 пробаў грыбоў, правераных у лабараторыях цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі вобласці, аказаліся з перавышэннем нормы.
Пра гэта паведамляе gp.by, спасылаючыся на звесткі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Паводле словаў загадчыцы аддзялення радыяцыйнац гігіенты Гомельскага АЦГЭіГЗ Алы Буздалкінай, у лістападзе саннагляд вобласці даследаваў 1194 пробы грыбоў ад насельніцтва. У 15 выпадках знойдзена перавышэнне вызначаных рэспубліканскіх нормаў утрымання радыёнуклідаў.
Прычым, цікава, што бруднымі аказаліся сыраежкі, зялёнкі, маслякі і нават апенькі, якія лічацца грыбамі, якія найменш назапашваюць радыяцыю. Перавышэнне нормаў па цэзію зафіксавана ў грыбах з Брагінскага, Веткаўскага, Калінкавіцкага, Кормянскага, Лельчыцкага, Мазырскага, Нараўлянскага, Рагачоўскага і Чачэрскага раёнаў. А проба свежых грыбоў з Калінкавіцкага раёна ўтрымлівала 13349 Бк/кг, што ў 36 разоў больш за дапушчальную норму ў 370 Бк/кг.
Пры гэтым варта зазначыць, што Калінкавіцкі раён лічыцца адным з тых, якія паводле ўказаў кіраўніка дзяржавы, ачысціліся ад радыяцыі – амаль ва ўсім раёне, у тым ліку ў райцэнтры, дзеці пазбаўленыя бясплатнага харчавання ў школах. А ў раней забароненых для земляробства зонах некалькі раёнаў, зноў жа, згодна з указам Лукашэнкі, распачатае вядзенне сельскай гаспадаркі.