Чынавенскі пінг-понг зваротамі, альбо Што штурхае людзей на плошчы

Андрусь ГАЁВЫ 23.07.2019

Сёняшні беларускі закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», здавалася б, – вельмі добры сродак для вырашэння праблемаў людзей. Вось толькі цяперашняя новая чынавенская наменклатура цалкам прыстасавалася да досыць напружнага закона, які прадпісвае разглядаць пытанні па сутнасці і даваць на іх адказы. І ў выпадках, калі чынавенскаму апарату проста не хочацца выконваць тое, чаго цалкам законна патрабуюць людзі, ды яшчэ і калі гэта пытанне не дзіркі ў даху, а такое, якое кранае тысячы людзей, чыноўнікі вырабляюць сапраўдныя дзівосы жангліравання гэтымі самымі зваротамі грамадзянаў.

Жыхары Светлагорска, калі адчулі непрыемныя пахі і розныя разладаванні здароўя ад выкідаў новапабудаванага тут завода беленай цэлюлозы, пачалі, як кажуць, званіць ва ўсе званы. То бок – пісаць ва ўсе магчымыя інстанцыі, каб альбо зрабіць на заводзе бяспечную для наваколля тэхналогію, альбо ўвогуле прыкрыць заганную вытворчасць у густанаселеным рэгіёне.

Але спадзяванні грамадзян на тое, што шляхам зваротаў на падставе збольшага някепскага закона аб гэтых самых зваротах ім удасца прабіць глухую чынавенскую абарону разбіліся аб віртуознае валоданне дзяржслужбоўцамі прыдуманымі імі самімі падзаконнымі актамі. А апошнія даюць ім магчымасць чхаць на любыя клопаты тых, хто да іх звяртаецца, гуляючы іхнімі зваротамі ў пінг-понг паміж самімі сабой – рознымі дзяржаўнымі ведамствамі.

Напрыклад, напісалі грамадзяне Беларусі ва ўрад – Савет Міністраў, орган, які паводле меркаванняў звяртальнікаў, самы галоўны над рознымі міністэрствамі і канцэрнамі, і мусіць звесці, што называецца, да кучы высновы розных ведамстваў і вырашыць лёс смярдзючага завода. А ім адтуль нейкі чыноўнік з назвай пасады на чатыры радкі адказаў, што іхні зварот шпурнулі ў  Мінздароўя, Мінпрыроды і канцэрн «Беллеспаперапрам» – яны, маўляў, вам няхай і адказваюць. Кожны паасобку.

Паасобку гэтыя ведамствы і наадказвалі. Мінпрыроды даводзіла, што яно кантралюе прысутнасць у паветры шкодных газаў, якіх іхнія вымяральныя прылады не знаходзяць, а невыносны смурод – гэта справы Мінздароўя. Мінздароўя, у сваю чаргу адпісала, што яно і сапраўды можа рэгаваць на дурны пах. Але ж праектам завода і дазволамі на выкіды, якія давала яму Мінпрыроды, выкіды газаў, якія кепска пахнуць, не прадугледжаныя! Таму розныя вымяральныя станцыі мераюць усё, што заўгодна (распісана аж на тры старонкі), толькі не смярдзючыя меркаптаны. Маўляў, усе прэтэнзіі – да Мінпрыроды!   

А ўжо канцэрн «Беллеспаперапрам» як раз і ёсць віноўнік таго, што светлагорцы ходзяць па горадзе ў ватна-марлевых павязках на тварах, а дзеці на шпацырах у садках губляюць прытомнасць. Менавіта ў складзе «Беллеспаперапраму» збудаваны і спрабуе пачаць працаваць недарэчны завод. Ведамства, якое ну аніяк не зацікаўленае ў «забойстве» курыцы, што вось-вось, на думку дзяржмэнэджараў, павінна пачаць несці залатыя яйкі, мусіць справядліва разгледзець праблему жыхароў горада, лічаць чыноўнікі з Савету міністраў.  

Але ж светлагорцы – людзі законапаслухмяныя. Яны ведаюць, што ў нашай краіне, у адрозненне ад большасці іншых дэмакратычных, дзе прэзідэнт звычайна кіруе выканаўчай галіной улады, ёсць яшчэ і асоба, якая мае практычна неабмежаваную ўладу над усім і ўсімі. І гэтая асоба – прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. А пры гэтай асобе – цэлая Адміністрацыя ў шматпавярховіку на Карла Маркса ў Менску. То жыхары хімічнага горада, які пачынаўся як горад святла, а ператварыўся ў горад беспрасветнага смуроду, звярнуліся яшчэ і ў гэтую самую прэзідэнцкую Адміністрацыю. Можа хоць там здолелі б разабрацца ў стасунках між жыхарамі сямідзесяцітысячнага горада і завода, што смярдзіць на ўсё наваколле небяспечным метылмеркаптанам і труціць невядомай хіміяй Бярэзіну?!

Але не тут яно было! У Адміністрацыі прэзідэнта лепей ведаюць, што самі таму прэзідэнту падсоўвалі на подпіс. А там яны сабе паставілі на адное цікавае месца надзейны абцякальнік. У выглядзе прэзідэнцкага ўказу «Аб дапаўняльных мерах па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў». Менавіта ён і стварыў правілы гульні ў той самы чынавенскі пінг-понг. Бо, паводле яго, нават самы галоўны «суддзя» над усім і ўсімі, можа нічога не разглядаць, а выправіць вырашэнне лёсу тысячаў людзей тым, на каго гэтыя тысячы скардзяцца. На чынавенскай мове гэта завецца «подлежат рассмотрению по существу в соответствии с компетенцией». Атрымліваецца, што ў Адміністрацыі прэзідэнта працуюць некампетэнтныя людзі? Ці яны кампетэнтныя толькі ў тым, куды адшпурнуць звароты тых, хто да іх звяртаецца? Прынамсі, у выпадку са зваротам светлагорцаў, яны спасылаюцца на прэзідэнцкі указ ад 2007 года, хаця дзейны закон аб зваротах грамадзян быў прыняты пазней – у 2011-м, і патрабуе ад дзяржорганаў разгляду зваротаў па сутнасці. І зноў звароты светлагорцаў, па якім ужо келе паляцелі ў Мінпрыроды і «Беллеспаперапрам».

Жыхары Светлагорска, не губляючы веры ў магчымасць вырашэння сваіх праблемаў праз афіцыйныя рычагі органаў дзяржаўнага апарату, працягваюць да іх звяртацца. Напрыклад, яны цудоўна ведаюць, што паводле Канстытуцыі і закону «Аб пракуратуры» - асноўная функцыя пракуратуры – нагляд за выкананнем законаў. А нагляд той ажыццяўляецца ў тым ліку і праз правядзенне пракурорскіх праверак. Жыхары Светлагорска менавіта і прасілі правесці такую праверку выканання заканадаўства рознымі суб'ектамі – і заводам беленай цэлюлозы, які ўзімку скінуў у Бярэзіну брудную пеністую ваду, і мясцовай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якая ўжо сама не ведае як абяліць далёка не беленую рэпутацыю завода беленай цэлюлозы, і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях, якіх выклікалі жыхары на месца скіду і, зрэшты, самімі жыхарамі, калі трэба.

Але, пракурорскія работнікі – таксама «кампетэнтныя», і таксама ўмылі рукі, выправіўшы зварот светлагорцаў тым, каго і трэба было б правяраць – паднявольным дзяржаўнай вертыкалі інспектарам па ахове навакольнага асяроддзя, якім людзі даўно ўжо не вераць. Прычым, так зрабіла не толькі пракуратура Светлагорскага раёна пасля скіду невядомай субстанцыі ў раку, але і Генеральная пракуратура пасля таго, як на злашчасным заводзе абрынуўся дах, а ягонае кіраўніцтва яшчэ і забараніла работнікам карыстацца на заводзе мабільнымі прыладамі, якімі можна зафіксаваць тыя непарадкі, што там адбываюцца. Праўда, генпракуроры даручылі правяраць саміх сябе не экаінспектарам, а супрацоўнікам ужо шматкроць тут памянёнага «Беллеспаперапраму». Апошнія і праверылі, адказаўшы, што, маўляў, так, дах быў абрынуўся, але ўсё ў нас «ок», і «вабшчэ – не ваша дзела!» – тэлефоны забаранілі цалкам слушна! 

Вось так і ходзяць гэткім зачараваным колам – Мінпрыроды, Мінздароўя, «Беллеспаперапрам», часам зарульваючы яшчэ і непасрэдна на сам Светлагорскі ЦКК, звароты жыхароў экалагічна бруднага горада, куды б яны не дасылаліся. А потым улады здзіўляюцца, што людзі ідуць бараніць свае цікавасці на плошчы