Светлагорск выходзіць на плошчу. У горадзе не спыняюцца пратэсты супраць дзейнасці атрутнага завода (відэа)
Палеская Вясна
03.07.2019
30 чэрвеня на цэнтральнай плошчы Светлагорска сабраліся людзі, якім не абыякавы лёс сваіх дзяцей і будучыня роднага горада. Не было транспарантаў, плакатаў і прамоваў у мегафон. Людзі проста кідалі семкі галубам і абменьваліся думкамі. Але тым самым яны паказвалі ўладам, што завод, які труціць горад і прылеглую вёску, мусіць альбо ўдасканаліць тэхналогію, альбо спыніць працу. Пра акцыю пратэсту, прыстасаваную пад беларускія рэаліі, паведаміў сайт Гомельская Вясна.
Жыхары Светлагорска і прыгараднай вёскі Якімава Слабада абураныя і раззлаваныя тым, што ўлады практычна кінулі іх на выжыванне ў атрутнай зоне. Людзі распавядалі адно аднаму пра тое, што папросту небяспечна выходзіць на вуліцу падчас выкідаў з завода беленай цэлюлозы, які ўжо некалькі гадоў спрабуюць увесці ў эксплуатацыю ў складзе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбінату. Тыя, хто трапляе ў воблака з трубы завода, скардзяцца, што адчуваюць як пякуць вусны і язык, некаторых пачынае ванітаваць, ідуць носавыя крывацёкі. А ў Бярэзіне куды зліваюць сцёкі з завода, рыбакі сёлета не бачаць звыклых для ракі рыбаў.
«Нам кіраўніцтва завода і розныя іншыя начальнікі кажуць, што ўсё ў іх добра і ў выкідах завода не ўтрымліваецца нічога шкоднага. Я згаджуся з гэтым толькі тады, калі труба, праз якую выкідваюца газы з завода, будзе выведзеная ў кабінет дырэктара, - гаворыць жыхар Светлагорска. - Вось калі дырэктар будзе нармалёва дыхаць "бясшкоднымі" выкідамі свайго завода, тады і мы згодзімся, што нічога не варта рабіць і такая вытворчасць можа існаваць у густанаселеным рэгіёне».
Сярод тых, хто выходзіць на плошчу ў Светлагорску, ёсць і адмыслоўцы ў вытворчасці цэлюлозы, якія некалі прыехалі ў горад, каб працаваць на адзіным тады ў Беларусі цэлюлозным камбінаце. І яны сцвярджаюць, што сёння ў нашай краіне няма методыкі вымярэння канцэнтрацыі ў выкідах самага небяспечнага злучэння - метылмеркаптану. Нават, калі на камбінаце, як заяўляла ягонае кіраўніцтва, ёсць прылады, якія здольныя замераць гэтыя цяжэйшыя за паветра газы, якія асядаюць проста на людзей, дык методыкі такога вымярэння папросту няма. Таму няма і веры кіраўніцтву камбіната і горада.
На пратэст 30 чэрвеня ў Светлагорску выйшлі каля 20 чалавек. Гэта зусім няшмат для амаль 70-тысячнага горада. Але тыя, хто прыйшоў, наракаюць, што прыйшлі б многія, але ў правінцыйных гарадах людзі запужаныя стратай працы - звычайным непрацягненнем кантрактаў без тлумачэння прычынаў, права на якое дала дзеючая ўлада кіраўнікам дзяржаўных прадпрыемстваў.
Гэтым разам да пратэстоўцаў далучыліся сузаснавальнікі руху "Беларусі нацыянальны кангрэс" палітыкі Мікола Статкевіч і Яўген Афнагель. Яны патлумачылі светлагорцам, што варта скарыстацца маючай неўзабаве адбыцца кампаніяй па так званых выбарах, каб легальна збіраць на плошчы не 20 чалавек, а хаця б 500. Голас такой колькасці светлагорцаў напярэдадні электаральных кампаніяў улады вымушаныя будуць пачуць.
Алена Маслюкова
«Мы напісалі сотні зваротаў у самыя розныя дзяржаўныя інстанцыі, ад мясцовага райвыканкама да Мінпрыроды і Мінздароўя. Але адусюль атрымліваем адпіскі і праблема праз звароты не вырашаецца. А гэта кажа за тое, што з гэтымі ўладамі трэба размаўляць таею моваю, якую яны найлепш разумеюць - мовай адкрытасці і публічнасці», -
гаворыць светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова.