Праз два з паловай месяцы блогеру Павуку вярнулі адабраную тэхніку, але без выбачэнняў
Палеская Вясна
11.06.2019
Вядомаму блогеру з Акцябрскага следчыя органы вярнулі тэхніку пасля амаль трох месяцаў змагання.
“Мадэм, два мабільныя тэлефоны —мой і жончын, відэакамеру і тры флэшкі вярнуў мне ўчора следчы Арцём Угнявы. Пры гэтым ніякіх выбачэнняў ад яго я не пачуў. Больш таго, ён дапытаў мяне ў якасці сведкі. Цікавіўся, хто мог скарыстаць мае звесткі пад ілжывым паведамленнем пра мініраванне Акцябрскага райвыканкама і Мазырскага раённага суда”, — распавёў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Павук.
Па словах суразмоўцы, ён патлумачыў следчаму, што неаднойчы звяртаўся ў дзяржаўныя інстанцыі з заявамі наконт мясцовых праблем і заўсёды пазначаў у зваротах свой адрас і мабільны тэлефон.
“Лічыў і лічу, што падвесці мяне пад крымінальны артыкул маглі чыноўнікі альбо сілавыя структуры. Гэта выглядае як помста за маю актыўную грамадзянскую пазіцыю”, — дадаўблогер Павук.
Нагадаем, сёлета ў сакавіку супрацоўнікі крымінальнага вышуку правялі ператрус у кватэры блогера, а яго самога затрымалі на пяць гадзінаў на той падставе, што нібыта з яго электроннага адраса ў Гомельскае ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне пра мініраванне будынка Акцябрскага райвыканкама.
Скрыншот паведамлення ні міліцыянты, ні следчыя не паказалі.Тым не менш, супраць блогера завялі крымінальную справупа факце ілжывага паведамлення пра мініраванне (ч. 1 арт. 340 КК), у якой блогер Павук стаў галоўным падазраваным. Максімальны тэрмін пакарання па гэтым артыкуле — да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Прыкладна праз месяц крымінальную справу ў дачыненні блогера спынілі. Сістэмныя блокі камп’ютараў і некаторую іншую тэхніку вярнулі, але не ўсю.
У траўні гісторыя з мініраваннем паўтарылася. На электронную пошту МНС паступіла паведамленне пра мініраванне будынка суда ў Мазыры, дзе меўся адбыцца суд над калінкавіцкім прадпрымальнікам і блогерам Віталем Манько. Пад падазрэнне зноў патрапіў Андрэй Павук з Акцябрскага. І зноў-такі на той падставе, што ў паведамленні значыўся яго мабільны тэлефон.
З асабістай ініцыятывы блогер звярнуўся ва ўпраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці з заявай, у якой прасіў разабрацца, хто выкарыстоўвае яго асабістыя звесткі для ілжывых паведамленняў пра мініраванне дзяржаўных установаў. Пасля заявы інтарэс да Павука ў міліцыі прапаў. А нядаўна супрацоўніца Следчага камітэта ў тэлефоннай размове паведаміла Вользе Павук, што і ў астатняй вынятай тэхніцы “не ўтрымліваецца інфармацыі, датычнай да крымінальнай справы”.Пасля гэтага Андрэю і Вользе Павукамвярнулі ўсю тэхніку.
Сям’я перакананая, што ўчынены вобшук, затрыманне Андрэя нібыта за мініраванне – гэта афіцыйная нагода выняць тэхніку, каб даследаваць блогерскую дзейнасць і знайсці зачэпкі для пераследу.
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"