Прыкрыўшыся імём апазіцыйнага блогера, невядомыя паведамілі пра мініраванне суда ў Мазыры
Палеская Вясна
16.05.2019
У Мазыры 15 траўня невядомыя “замініравалі” памяшканне раённага суда. З будынка ўсіх эвакуіравалі, а прылеглую тэрыторыю ачапілі, паведаміў сайт spring96.org.
Менавіта 15 траўня а 10 гадзіне ў судзе Мазырскага раёна павінна было адбыцца чарговае пасяджэнне ў справе абвінавачвання вядомага блогера з Калінкавічаў Віталя Манько ў пабудове фінансавай піраміды «Элеўрус».
Як пазней стала вядома, чалавек, які паведаміў пра мініраванне Мазырскага суда, пакінуў нумар тэлефона апазіцыянера і блогера Андрэя Павука. Пра гэта міліцыянты паведамілі самому Павуку.
Як распавядала Еўрарадыё, 15 траўня невядомы паведаміў, што будынак суда ў Мазыры замініраваны. З будынка былі эвакуяваныя ўсе людзі, сам суд быў ачэплены.
Міліцыянт паведаміў, што Павука апытваюць як сведку ў справе. Па яго словах, паведамленне пра мініраванне суда прыйшло на сайт МНС. У ім быў пазначаны мабільны тэлефон Павука.