У Мазыры працягваюць судзіць блогера Манько. Адбыўся допыт абвінавачанага
Стах МАЗЫРСКІ
29.05.2019
Пасля таго, як папярэдняе пасяджэнне не адбылося з-за паведамлення пра мініраванне будынку суда, 28 траўня суд працягнуўся апытаннем Віталя Манько.
Папярднія слуханні былі 14 траўня, дзе давалі свае сведчанні пацярпелыя. Іх было трое, усе з Гомеля. Самі яны не мелі намеру звяртацца ў праваахоўныя органы для прыцягнення да адказнасці Віталя Манько. Аднак пасля узбуджэння крымінальнай справы, калі былі выкліканыя для допытаў у якасці сведак, напісалі заявы, што яны пацярпелі ад дзейнасці вядомага блогера ў фінансавай пірамідзе «Элеўрус».
Чым іх так прывабіў гэты «Элеўрус»? Прапаноўвалася узяць удзел у фінансаванні рэальных праектаў на тэрыторыі Беларусі. Гарантыя, што сродкі з тэрыторыі Беларусі нікуды пералічвацца не будуць, усе дзеянні па паступленні сродкаў і іх капіталізацыі, дакумэнты будуць адкрытыя для ўдзельнікаў у адкрытым доступе ў асабістых кабінетах на сайце. Працавала сістэма «захавальнікаў» грашовых сродкаў – той, хто прывёў у праект новых людзей і рабіўся такім «захавальнікам».
Віталя Манько пацярпелыя характарыцуюць як адкрытага, пераканаўчага лідара, пазіцыянаваўся як добры сем’янін (бацька шасцёх дзяцей), юрыст, бізнэсмен. Вызклікаў да сябе давер і падавалася непрыстойным патрабаваць распіскі на перадачу яму грашовых сродкаў. Многія пацярпелыя самі дакумэнты цалкам не чыталі, ніякіх папяровых дакумэнтаў не падпісвалі і копіяў не маюць. Усё рабілася ў электронным выглядзе, таму і зьвяртацца ў суд палічылі немэтазгодным.
Наступнае судовае паседжанне павінна было адбыцца 15 траўня. На ім меліся апытаць абвінавачаных. Акрамя Віталя Манько, які арыштаваны і знаходзіцца за кратамі, у справе абвінавачваюцца яшчэ 7 чалавек. Яны на волі і выклікаюцца на кожнае пасяджэнне суда.
15 траўня судовае пасяджэнне не адбылося з прычыны паведамлення пра тое, што будынак суда Мазырскага раёна нібыта замініраваны. Тады чалавек, які паведаміў пра мініраванне, пакінуў нумар тэлефона іншага папулярнага блогера – жыхара мястэчка Акцябрскі Андрэя Павука.
Міліцыянт, які кіраваў канваяваннем абвінавачанага, адмовіўся назваць сваю пасаду і прозвішча, парушыўшы тым самым дзеючыя законы, але заклікаў прысутных у залі выконваць заканадаўства.
Судовае паседжанне працягнулася праз два тыдні, 28 траўня. Падтрымаць вядомага калінкавіцкага блогера прыехаў адзін з сузаснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Пачалося яно з апытання судом і пракурорам Віталя Манько. Ён заявіў хадайніцтва аб зьмяненні меры ўтрымання. Адвакаты, іншыя абвінавачаныя падтрымалі гэтае хадайніцтва. Аднак пракурор (дзяржаўны абвінаваўца) быў супраць і суддзя Анатоль Стрэльчанка прыняў пазыцыю пракурора. Віталь Манько застанецца за кратамі. Тая акалічнасць, што ў яго дома дзеці, якія сумуюць без бацькі, жонка, старыя бацькі да ўвагі суда і дзяржабвінавачвання не прынятая. Не паўплывала і тое, што дасудовае расследаванне справы завершанае, доказы сабраныя, прыняць нейкія захады для знішчэння доказаў Манько ўжо не зможа, а нейкай грамадскай небяспекі, знаходзячыся на волі, ён не ўяўляе.
Павел Севярынец перад пачаткам судовага пасяджэння.
Віталь Манько звярнуў увагу суда на тое, што яго затрыманне адбылося за 100-150 метраў ад яго дома ў суседнім райцэнтры Калінкавічы. Машыну раптоўна блакавалі, адразу забралі тэлефон, надзелі кайданкі на рукі за спіной, пасадзілі ў сваю машыну і павезлі ў Мазырскі райаддзел Следчага камітэту. Затрыманнем кіраваў капітан аддзела фінансавых раследаванняў Новік. У машыну В. Манько сеў іншы супрацоўнік і з’ехаў у невядомым накірунку. Ніякіх дакумэнтаў па затрыманню В. Манько не прадастаўлена. Пратакол затрымання быў складзены ўжо ў Мазырскім аддзеле Следчага камітэта, дзе ў яго ўнеслі ілжывыя звесткі.
У доме Віталя Манько прайшоў ператрус без удзелу і прысутнасці пры ім падазраванага і гаспадара дома. Такім чынам ён быў пазбаўлены магчымасці дабраахвотна перадаць ўсю неабходную інфармацыю, рэчавыя і электронныя доказы следчым. Не меў магчымасці заявіць аб прысутнасці адваката падчас следчага дзеяння. Пры ператрусе атсутнічаў ІТ-спецыяліст. Пры гэтым асобы, якія ажыццяўлялі ператрус маглі пашкодзіць альбо змяніць электронныя носьбіты інфармацыі. Падчас ператрусу зніклі жорсткі дыск і дзве флэшкі.
Жонка Віталя Манько робіць здымкі ў залі.
Манько хадайнічаў пра ўзбуджэнне і вынясенне прыватнага вызначэння на неправамоцнае, жорсткае затрыманне і парушэнні артыкулаў 195, 200, 204-209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
Цікавая акалічнасць: цікаўнасць праваахоўных органаў да дзейнасці Віталя Манько пачалася пасьля таго, як курс крыптавалюты, які быў 2 еўра, спачатку вырас да 500 еўра, а потым да 17000 еўра*. Нехта атрымаў немалы прыбытак. Але на той час Віталь Манько ўжо спыніў сваю дзейнасьць. А вось ўдзельнікамі ў супольнасці «Элеўрус» былі і супрацоўнікі фінансавай міліцыі і дзяржаўных органаў. Пракурор настойліва прасіў назваць хаця б адно прозвішча і імя тых, хто пасьпеў атрымаць такі даход. Манько адмовіўся гэта зрабіць, патлумачыўшы тым, што гэта можа стварыць небяспеку для ягонага жыцця ў месцах зняволення, дзе ён цяпер знаходзіцца.
«Дыялог» паміж Манько і пракурорам пакінуў складанае ўражанне. Не кожны мае ўяўленне і паняцце пра крыптавалюту, блокчэйн, біткоін. Сярод такіх і пракуроры ды судзі. І судзі прыходзілася крок за крокам перазадаваць пытанні пракурора і высвятляць сутнасць. Як ён гэта сам зразумеў пакажа вырак.
Крыптанапрамак – новы фінансавы расклад узаемадзеяння фінансаў да якога ідзе цывілізаванае грамадства. І Беларусь тут не першая і не апошняя. Аднак «піянерам» гэтага новага фінансавага парадку, як і ўсім першапраходцам, давядзецца прайсці праз пераслед і пакуты.