Методыкі вымярэння метылмеркаптану ў паветры населеных пунктаў дагэтуль няма

Палеская Вясна 05.03.2020

Гэта вынікае з адказу чыноўніцы Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя актывісту ініцыятыўнай групы за чыстае паветра ў Светлагорску.

 4 сакавіка светлагорцы спрабавалі датэлефанавацца на прамую тэлефонную лінію, якую абвясціў кіраўнік Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Сушчэвіч. Але звязацца з ім ні ў каго не атрымалася – ад 9 да 10 гадзіны, калі абвяшчалася прамая лінія, тэлефон папросту не адказваў.


Андрэй СМАЛЯНЧУК

Адзін з актывістаў ініцыятыўнай групы Андрэй Смалянчук тэлефанаваў некалькі разоў, але на іншым канцы слухаўку знялі толькі а 12.45 – пасля таго, як час прамой лініі даўно скончыўся. Сакратарка Сушчэвіча злучыла Смалянчука з начальніцай аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем атмасфернага паветра і водных рэсурсаў Вольгай Шпарун.

Вольга Шпарун паведаміла, што лабараторыя камітэта вымярае ў паветры Светлагорска толькі колькасць серавадароду. У цяперашні час усё яшчэ вядуцца работы па адаптацыі методыкі вымярэння ўзроўню ўтрымання метылмеркаптану. На пытанне, як можа завод працаваць і выкідаць шкодныя рэчывы, калі ў кантралюючага дзяржоргану нават няма яшчэ методыкі вымярэння аднаго з асноўных шкодных рэчываў, Вольга Шпарун адказаць не змагла. Яна паведаміла, што Светлагорская інспекцыя таксама робіць маніторынг паветра ў горадзе, але без замераў – арганалептычным чынам (то бок, проста нюхаюць паветра). Калі ж сітуацыя зменіцца і ўзровень метылмеркаптану ў Светлагорску і Якімавай Слабадзе пачне належным чынам кантралявацца, адказу таксама не прагучала.

14 лютага прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка афіцыйна запусціў Светлагорскі завод беленай цэлюлозы, з пачаткам працаў па пуска-наладцы якога ў горадзе сталі адчувацца непрыемныя пахі метылмеркаптану ды іншых рэчываў, якія прыводзілі да пагаршэння здароўя жыхароў. Падчас наведвання Лукашэнкам заводу за ягоным плотам таксама адчуваўся пах метылмеркаптану. Але на пытанне прэзідэнта ці ёсць у горадзе кепскапахнучыя рэчывы тагачасны кіраўнік канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў адказаў, што такога няма, «інакш бы мы не атрымалі дазволаў на ўвод завода ў эксплуатацыю».