Пра тое, што адказная за арганізацыю абрэзкі дрэваў на тэрыторыі цэнтральнага раённага шпіталя ў Калінкавічах службовая асоба панясе адказнасць, паведаміў Гомельскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, паведаміла Гомельская Вясна.
Адказ такога зместу з кантрольнага органа атрымаў актывіст з Калінкавічаў Дзяніс Рабянок. Раней ён скардзіўся ў камітэт на тое, што ад старых, але жывых і неаварыйных вербаў засталіся адны пянькі.
Супрацоўнікі інспекцыі па экалогіі спраўдзілі звесткі, выкладзеныя Рабянком і яны знайшлі сваё пацьверджанне.
Аблкамітэт падзякаваў неабыякаваму жыхару горада.
Дзяніс Рабянок
“Здаецца, што вынік ёсць: праверка і адміністратыўны працэс нараджаюць спадзяванне, што мясцовыя чыноўнікі і "службовыя асобы" — "аматары сякеры і пілы", якія знішчаюць дрэвы, ператвараючы родны горад у царства пылу, бруду і неўладкаванасці, зробяць высновы, - пракаментаваў Дзяніс Рабянок, - І асабіста ў мяне няма адказу на пытанне, чаму ў Беларусі ідзе такая зацятая вайна супраць дрэваў? У чым прычына? Часам здаецца, што гэта нешта са сферы "метафізікі": жыццё і прыгажосць перашкаджаюць смерці пачувацца ўтульна. У такой сітуацыі нам трэба імкнуцца па меры магчымасцяў супрацьстаяць знішчальнікам і не праходзіць міма, убачыўшы гвалт і здзек над прыродай, бо любіць прыроду, значыць, любіць Радзіму",
- адзначыў Дзяніс Рабянок.
Актывіст мае намер высветліць як канкрэтна пакараюць службоўцаў адказных за варварскую абрэзку дрэваў.