«Фармаванне кроны» па-калінкавіцку. Жыхары горада абураныя знявечаннем дрэваў
Палеская Вясна
16.04.2019
На тэрыторыі раённай лякарні ў Калінкавічах гарадскія службы правялі абрэзку галінаў старых вербаў. Але зрабілі гэта, пакінуўшы ад дрэваў толькі невысокія пянькі, якія яшчэ і клапатліва пабялілі.
Жыхар Калінкавічаў Дзяніс Рабянок звярнуўся ў Гомельскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя са скаргай на дзеянні калінкавіцкіх службаў, якія другі год запар ажыццяўляюць абрэзку дрэваў у горадзе. Гэтым разам старыя вербы на тэрыторыі раённай лякарні абрэзалі амаль пад самыя карані. Рэшткі ствалоў, якія засталіся, вышынёй не больш за 2 метры, паведамляе Гомельская Вясна.
«Летась гэтыя дрэвы ўжо абразалі. З якой мэтай трэба было рабіць паўторную і яшчэ больш жорсткую абрэзку? І як гэта стасуецца з дзяржаўнай палітыкай , накіраванай на захаванне навакольнага асяроддзя, азеляненне населеных пунктаў і клапатлівага стаўлення да прыроды? Дзеля чаго былі фактычна знішчаны дрэвы?»,
– пытаецца Дзяніс Рабянок у звароце да гомельскіх прыродаахоўнікаў.
Дзяніс Рабянок
Ён просіць правесці праверку законнасці правядзення абрэзкі і адпаведнасці яе нарматыўным патрабаванням.
«Я разумею, што абрэзку дрэваў трэба рабіць рэгулярна і своечасова. Але адна справа, калі гэта сухія галіны, небяспека падзення, пагроза для ліній электраперадач, ці нейкая іншая сапраўды важная прычына. А тут бяруць і амаль "пад пень" зразаюць вербы, якія нікому не перашкаджаюць, не ўяўляюць небяспекі, і якія, да таго ж, летась ужо жорстка абразалі! Дзеля чаго гэта робяць? Некаму «абрубкі» вока лашчаць? Ці не патрэбныя свежае паветра, прыгажосць, цень і прахалода ў спёку? Хутка дрэвы ў гарадах па-за межамі паркаў стануць, як музейныя экспанаты з нумарамі, а вакол будзе суцэльная пустка з пылам і смуродам»
– каментуе сваё абурэнне жыхар Калінкавічаў.