У адселеную Чарнобыльскую зону пачалі ладзіць экскурсіі

Андрусь ГАЁВЫ 08.04.2019

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік усё ж пачаў  зарабляць на турызме. Тое, супраць чаго выступалі навукоўцы, адбылося, і ў зону адчужэння запрашаюць экскурсіі. 

Як паведаміў тэлеканал ОНТ, экскурсія групы з пяці чалавек каштуе ў межах 340 рублёў. Турыстам збіраюцца паказваць адселеныя вёскі і кінутыя сельгаспабудовы. Намеснік дырэктара Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведнка Максім Кудзін сцвярджае, што доза радыяцыі, якую атрымае  турыст падчас экскурсіі, будзе ніжэйшая за атрыманую замежнікам падчас авіяпералёту ў Беларусь. 

Карэспандэнты дзяржаўнага тэлебачання супакойваюць гледачоў, што на маршруце экскурсіі дозы забруджвання дапушчальныя. Але збочваць, нельга, бо там - "эфектыўная доза радыяцыі". Але гэткая мазаічнасць, паводле карэспандэнта ОНТ, "не нагода для панікі", бо, маўляў, "перыяд паўраспаду цэзія і стронцыя мінуў, у зямлі гэтых радыёнуклідаў цяпер удвая меней". 

Максім Кудзін дадае, што "сфармаваны план маршрута, падабраныя пляцоўкі, дарогі з удасканаленым пакрыццём і ў цэлым пралічаныя тыя дозы, якія могуць атрымаць грамадзяне, знаходзячыся ў зоне адчужэння". Пакуль групы мяркуецца выпраўляць двойчы на месяц, а пасля "абкаткі" маршруту спадзяюцца на масавыя экскурсіі. 

Варта адзначыць, што акрамя цэзію і стронцыю зараз набываюць актыўнасць трансуранавыя элементы. У праграме навукова-даследчых работ Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка на 2016 - 2020 гады, зацверджанай у канцы 2015 году, яшчэ да змены кіраўніцтва Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, навукоўцы запаведніка перасцерагалі ад выкарыстання адселеных плошчаў. 

Навуковы корпус Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка (в. Бабчын Хойніцкага раёну). Фота: zapovednik.by

«Чым больш часу праходзіць з моманту катастрофы на ЧАЭС, тым большую актуальнасць набываюць трансуранавыя элементы (ТУЭ) ў сувязі з небяспекай іх пранікнення ў харчовы ланцуг. Перыяд паўраспаду альфа-выпраменьваючых ТУЭ складае ад 88 гадоў (238Pu) (плутонію-238. — Заўв. аўтара.) да 24110 (239Pu) гадоў. З-за росту актыўнасці 241Am (амерыцыю-241. — Заўв. аўтара.) за конт распаду 241Pu агульная альфа-актыўнасць трансуранавых элементаў чарнобыльскага паходжання не меншае, а працягвае ўзрастаць. Максімальнае значэнне актыўнасці ТУЭ будзе дасягнута ў 2056 годзе, пры гэтым сумарная актыўнасць трансуранавых элементаў у 2,5 разы перавысіць першапачатковую і на 2/3 будзе абумоўлена актыўнасцю 241Am»,

- цытаваў у 2016 годзе навуковую праграму запаведніка Гомельскі Зялёны партал

«Для большасці сельскагаспадарчых прадуктаў харчавання ўстаноўлены рэспубліканскія дапушчальныя ўзроўні ўтрымання 137Cs [цэзій-137] і 90Sr [стронцый-90]. У той жа час узроўні ўтрымання трансуранавых элементаў у сельскагаспадарчай прадукцыі не нармуюцца і не кантралююцца», 

- дадавалі ў сваёй праграме навуковых работ даследчыкі запаведніка. 

Не вымяраюць гэтыя ўзроўні і дазіметры, якімі мералі радыяцыю падчас складання маршрутаў для прапанаваных экскурсіяў. 

Увогуле, стварыць турыстычныя маршруты кіраўніцтву Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ў 2016 годзе загадала новае кіраўніцтва Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайнх сітуацыях. Чыноўнікі тады склалі цэлы План мерапрыемтсваў па ўдасканаленні дзейнасці навуковай установы, з мэтамі фактычнага ператварэння яе ў камерцыйную структуру, якая мусіць зарабляць грошы.

Акрамя турызму сёння ў зоне вырошчваюць сельгаскультуры, гадуюць выяздных коней і мясную жывёлу, разводзяць пчол, вырабляюць піламатэрыялы. Нядаўна, згодна з указам Лукашэнкі абвясцілі чыстымі і ўвялі ў сельгасзварот шэраг плошчаў, якія раней нельга было выкарыстоўваць.